Кітай адыгрывае ключавую ролю ў стварэнні ўзбраенняў для Беларусі
Як Беларусь уцягваецца ў вайсковую кааперацыю з Кітаем / Коллаж BELPOL
Беларусь цесна супрацоўнічае з Кітаем і дзякуючы гэтаму падтрымлівае працаздольнасць уласнага абаронна-прамысловага комплексу, гаворыцца ў дакладзе BELPOL. Пасля ўвядзення маштабных санкцый супраць Беларусі рэжым Лукашэнкі пры дапамозе кітайскіх кампаній выратоўвае свае ключавыя вытворчасці, якія працуюць на ВПК.
У нашай краіне наладжаны выпуск оптыка-механічных прыцэлаў для расійскай бранятэхнікі і стралковай зброі. Беларусь выконвае ролю зборнай пляцоўкі: найбольш складаныя дэталі вырабляюцца ў Кітаі і пастаўляюцца праз фірму-пракладку Shenzhen 5G Hi-Tech Innovation, створаную беларускімі грамадзянамі спецыяльна для абыходу санкцый.
Кантракты з кітайскімі пастаўшчыкамі дасягаюць дзясяткаў мільёнаў юаняў, а самі кампаніі часта знаходзяцца пад санкцыямі.
Таксама ў дакладзе адзначаецца, што ў Беларусі створаныя вытворчасці боепрыпасаў поўнага цыклу. Паводле дакументаў, толькі за 2023–2024 гады ў Расію адпраўлена больш як 4,5 млн дэталяў для рэактыўных снарадаў “Град” на суму звыш 25 млрд расійскіх рублёў.