"Дачка" "Амкадора" займалася рамонтам апаратуры для расійскай "Сатаны"
Расійская ракета "Сатана" / www1.ru
Беларускія прадпрыемствы грамадзянскай прамысловасці ўсё часцей працуюць на расійскі ваенна-прамысловы комплекс. Адзін з такіх выпадкаў высветліла расследаванне праведзенае ініцыятывай былых сілавікоў BELPOL.
Гаворка ідзе пра ўнітарнае прадпрыемства СВТ, якім валодае ААТ "Амкадор-Белвар". Як вынікае з даклада групы 1281 ваеннага прадстаўніцтва Міністэрства абароны РФ, які здабылі прадстаўнікі BELPOL, гэтае прадпрыемства з 2007 года займалася рамонтам і абслугоўванне прыбораў 15э838у, якія выкарыстоўваюцца для кантролю расходу паліва ў ваеннай тэхніцы.
Таксама СВТ займалася рамонтам апаратуры "шыфр 15э1155" і апаратуры "шыфр 159838у", якая адносіцца да сістэм кіравання стацыянарных ракетных комплексаў П-135 і П-118.
Комплекс П-118 (15п118) — гэта стратэгічны шахтавы ракетны комплекс з міжкантынентальнай балістычнай ракетай Р-36м УТТХ ("Сатана") савецкай вытворчасці. Яна можа несці тэрмаядзерны зарад. Гэтая балістычная ракета дагэтуль знаходзіцца на баявым дзяжурстве ў Расіі.
Комплекс П-135 (15п135) — гэта савецкая вадкасная міжкантынентальная балістычная ракета (МБР) шахтавага базавання. Яна нясе на борце да 6 баявых блокаў і комплекс сродкаў пераадолення СПА праціўніка. Ад канца 2010-х гадоў яна выкарыстоўваецца як носьбіт кіраванага баявога блока ў ракетным комплексе "Авангард".
"Ключавым элементам у гэтым працэсе выступаюць беларускія камплектуючыя і сэрвіснае абслугоўванне, якое ажыццяўляецца менавіта УП СВТ", — падкрэсліваюць у BELPOL.
Транспартуе такі каштоўны груз з Беларусі ў Расію рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства "Спецсувязь". Гэтая арганізацыя стала шырока вядомая пасля расследавання пра абыход санкцый праз Беларусь пры пастаўках расійскіх алмазаў на сусветны рынак.
Таксама BELPOL нагадвае пра іншыя беларускія прадпрыемствы, якія працуюць на расійскі ВПК:
"Інтэграл", "Планар" — вытворчасць мікрачыпаў для ваенных патрэб;
"Пеленг", "Рухсерваматор", "БелОМА", ММЗ імя Вавілава, "Дыяпраектар" — аптычныя прыцэлы для танкаў;
МЗКЦ, "Волат Сандзянь" — шасі для аператыўна-тактычных комплексаў "Іскандэр" і зенітных сістэм С-300 / С-400;
ААТ "Легмаш", БелАЗ, БМЗ, "Базцьюб" — вытворчасць рэактыўных снарадаў;
КБ "Беспілотныя Верталёты", КБ "Дысплей", ДНВА парашковай металургіі — вытворчасць БПЛА.
"Даныя, сабраныя намі, пацвярджаюць: Беларусь не проста ўскосна ўцягнутая ў расійскія абаронныя праграмы — яна з'яўляецца іх актыўным удзельнікам. Беларускія прадпрыемствы выконваюць канкрэтныя задачы па падтрыманні баяздольнасці не толькі арміі агрэсара, але стратэгічных комплексаў Расіі, уключаючы расійскія ядзерныя сілы", — канстатуюць у BELPOL.