Лідар “Драздоў” пайшоў у стэндап і робіць гэта па-беларуску

Пакуль музычная творчасць на паўзе

Пакуль музычная творчасць на паўзе / Варяг

Лідар групы “Дразды” Віталь Карпанаў пайшоў у беларускамоўны стэндап. Пра трансфармацыю з музыкі ў коміка ён распавёў у інтэрв’ю tochka.by.

Пра прыпыненне музычнай кар’еры фронтмен “Драздоў” паведаміў яшчэ вясной. Да канца 2025 года калектыў адыграе запланаваныя канцэрты, а потым будзе творчая паўза. Вядома, што групе забаронена ў Беларусі выступаць у абласных гарадах. Але музыкі ездзілі па раённых цэнтрах, дзе збіралі аншлагі.

Новы этап кар’еры

А пакуль Віталь Карпанаў ходзіць на “адкрытыя мікрафоны” і спрабуе сябе ў стэндапе. Прычым робіць гэта выключна на беларускай мове. Гэтым ён плануе займацца як мінімум найбліжэйшыя паўгода.

“Хаджу на “адкрытыя мікрафоны” — шоу, дзе пачаткоўцы і дасведчаныя комікі правяраюць матэрыял. Нядаўна быў на такім мерапрыемстве і раптам адчуў хваляванне. Выхаджу — а ў мяне калені дрыжаць”, — распавядае Віталь.

Першыя спробы былі не зусім удалымі. Нечакана высветлілася, што зала ўвогуле не рэагуе на жарты пачаткоўца-коміка.

“Пачынаю маналог, людзі не смяюцца… “Ну, клас”, — думаю. “Увогуле супер”. Але хутка зразумеў: усё залежыць ад падачы. Калі я бліжэй да канца выступлення расслабіўся, адразу пачуўся смех. Магчыма, дарэчы, справа была яшчэ і ў тым, што выступаю выключна па-беларуску”, — кажа Карпанаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.