Жодзінцы ўначы засталіся без цяпла ў 20-градусны мароз
Рамонт у Жодзіне / Мінскэнерга
Частка жыхароў Жодзіна ноч на 16 студзеня правяла без ацяплення.
Як паведамляе "Мінскэнерга", увечары 15 студзеня на вуліцы Ціміразева лопнула труба, і жыхары часткі жылых дамоў засталіся без гарачай вады і ацяплення. Пры гэтым дакладную колькасць дамоў камунальнікі не назвалі. Паведамлялася толькі, што аварыя закранула "частку жылых дамоў" на вуліцах Ціміразева, Вэнісьё і Навуковай, а таксама дзіцячы садок.
Пашкоджаны адцінак цепламагістралі атрымалася знайсці толькі пасля паўночы.
"Правядзенне земляных работаў істотна ўскладнялася неспрыяльнымі ўмовамі: глыбокае прамярзанне грунту стварыла дадатковыя тэхнічныя цяжкасці пры дэмантажы верхняга пласта глебы і доступе да інжынерных камунікацыяў", — заявілі ў "Мінскэнерга".
Рамонт быў завершаны ў 5:25, па трубе зноў пусцілі гарачую ваду. Але пасля гэтага "выявілася дадатковае пашкоджанне, што запатрабавала ліквідацыі". Цалкам усё наладзіць камунальнікі здолелі толькі ў 7:30.
Дарэчы, уначы ў Жодзіне тэмпература паветра апускалася да 20 градусаў марозу.