З “дармаедаў” хочуць браць за газ больш, чым з “Камволю”. Што адбываецца?
Нават некаторыя прадпрыемствы плацяць за газ менш, чым прапанавалі плаціць “дармаедам”. І тут задаешся пытаннем: адкуль увогуле ўзяліся тарыфы? / "Мінск-Навіны"
Дзяржава хоча браць з “дармаедаў” за газ больш, чым з некаторых прадпрыемстваў, наракае ў эфіры Еўрарадыё блогер і палітычны актывіст Аляксандр Кныровіч. З 1 кастрычніка цэны на ЖКХ лічаць па-новаму.
"Дармаед" плаціць па поўнай
Што яшчэ змянілася з 1 кастрычніка? Адна са зменаў — цяпер поўны кошт паслуг ЖКГ плацяць “дармаеды”, на якіх зарэгістравана жыллё.
Да 1 кастрычніка калі “дармаед” быў зарэгістраваны ў сваёй кватэры і пражываў там не адзін, павышаныя тарыфы прымяняліся толькі да яго долі ў агульным аб’ёме паслуг. А з 1 кастрычніка калі чалавек уключаны ў спіс “дармаедаў” і з’яўляецца ўласнікам жылля, то падвышаныя тарыфы прымяняюцца да ўсёй плошчы ўсіх кватэр, якія яму належаць.
І гэта шмат для каго змяніла лічбу ў жыроўцы. Але ці справядліва гэта?
Кныровіч: “Камволь” купляе газ танней, чым дармаеды!”
У кастрычніцкіх жыроўках “дармаедаў” больш за ўсё падаражэлі гарачая вада і ацяпленне. Кныровіч задаецца пытаннем пра тое, наколькі гэтыя тарыфы эканамічна абгрунтаваныя, як сцвярджае дзяржава.
— Электрычнасць падаражэла на 20%, гэта зразумела. А вось гарачая вада і ацяпленне — у 5 разоў! Дзяржава кажа: усё эканамічна абгрунтавана. А потым ты бачыш тарыфы для прадпрыемстваў і разумееш, што тарыфы для “дармаедаў” амаль такія ж, як для прадпрыемстваў!
Вось паглядзіце на цэны на газ: “Камволь” купляе газ танней, чым “дармаеды”! “Вялікі камень” купляе газ танней, чым “дармаеды”. Палова эканомікі плаціць за газ танней, чым прапанавалі плаціць дармаедам. І ты задаешся пытаннем: адкуль увогуле ўзяліся гэтыя тарыфы?
Суразмоўнік Еўрарадыё заўважае, што гэтае пытанне нікім не абмяркоўвалася. На Нацыянальным прававым партале не было ніякай дыскусіі, падчас якой людзі маглі б унесці прапановы.
Поўную размову з Аляксандрам Кныровічам глядзіце на Еўрарадыё.