Сілавікі выклікаюць ЛГБТ-хлопцаў "на размовы" і схіляюць да супрацоўніцтва
Ціск на ЛГБТ у Беларусі / Euroradio/ChatGPT
Сілавікі ў Беларусі працягваюць ціснуць на прадстаўнікоў ЛГБТК. Супрацоўнікі міліцыі тэлефануюць гомасэксуальным хлопцам пад выдуманымі падставамі і просяць з'явіцца ў РАУС у якасці "сведак", пра гэта Еўрарадыё распавёў хлопец, які прайшоў праз падобнае некалькі тыдняў таму.
Ужо ў аддзяленні ў хлопца адбіраюць тэлефон, чытаюць перапіскі, падключаюць смартфон да кампутара. Калі знаходзяць кампрамат — схіляюць да "супрацоўніцтва", якое мае на ўвазе выяўленне іншых прадстаўнікоў ЛГБТК у Беларусі.
— Я адчуў шок і здзіўленне — гатовы быў да чаго заўгодна, але толькі не да гэтага. Было зразумела стаўленне да ЛГБТК у краіне, але ў мяне не ўзнікла думкі, што з гэтай прычыны чалавека могуць запрасіць у РАУС. Мяне здзівіла, ну гэта ж ... гэта ж проста пі*дец.
У выпадку адмовы пагражаюць зрабіць аўтынг: распавесці аб арыентацыі сваякам і на працы.
Вядома, што падобную стратэгію сілавікі выкарыстоўваюць як мінімум з 2022 года.
Альвіна Мінгазава тлумачыць, што калі чалавек у сабе не ўпэўнены, то варта ісці на допыт з адвакатам.
— Для гэтага загадзя паклапаціцеся, каб у вас быў адвакат. Калі ў вас няма рэкамендацыі канкрэтнага адваката, то яго можна знайсці на сайце brka.by. Там пазначаны тэлефоны і дадзеныя аб адвакатах, вы можаце прызначыць кансультацыю і папярэдне пагутарыць са спецыялістам, вызначыць, ці камфортныя для вас зносіны, ці давяраеце вы гэтаму чалавеку, каб прыняць рашэнне аб заключэнні дагавора.
Юрыстка звяртае ўвагу, што ў Беларусі існуе згубная практыка, калі следчы можа задаваць пытанні так, што яны будуць накіраваныя супраць вас асабіста. Хоць сведка павінен даваць паказанні ў дачыненні да фактаў, якія яму вядомыя.
— Калі пытанне закранае вашыя асабістыя інтарэсы або можа пацягнуць негатыўныя наступствы, правільна сказаць: "Я адмаўляюся адказваць на гэтае пытанне, карыстаючыся сваім правам не сведчыць супраць самога сябе, замацаваным у арт.27 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь". Гэта абсалютна законная пазіцыя, якая не звязаная з прызнаннем віны ў якім-небудзь злачынстве. Наадварот, нярэдка сустракаюцца сітуацыі, калі пасля допыту сведка мяняе свой статус сведкі на падазраванага (абвінавачанага) не з-за адмовы ад паказанняў, а таму, што, даючы тлумачэнні без абаронцы, ва ўмовах стрэсу і не надаючы значэння фармулёўкам, ён ненаўмысна агаворвае сябе, думаючы, што ў яго, як у сведкі, няма права адмовы ад дачы паказанняў.
Калі вы ці вашы знаёмыя сутыкнуліся з падобнай сітуацыяй і жадаеце надаць яе агалосцы — напішыце нам на [email protected].