Кадэт, які на сустрэчы з Лукашэнкам выступаў па-беларуску, выехаў з краіны
Захар Аўчыннікаў на адкрытым уроку ў 2022 годзе / скрыншот відэа
Кадэт Захар Аўчыннікаў у 2022 годзе запомніўся многім. Тады 16-гадовы навучэнец Віцебскай кадэцкай вучэльні на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі са старшакласнікамі і студэнтамі гаварыў па-беларуску пра слаўную мінуўшчыну Беларусі.
"Наша Ніва" прасачыла, што было з хлопцам далей. У 2023 годзе ён паступіў на юрыдычны факультэт Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта на спецыяльнасць "юрыспрудэнцыя". Неўзабаве яму прыйшла позва ў войска. Захар аформіў акадэмічны адпачынак і ў лістападзе 2023-га пайшоў служыць у 103‑ю асобную гвардзейскую паветрана-дэсантную брыгаду.
У сваім акаўнце ў Інстаграме ён так напісаў у 2025 годзе пра перыяд службы: "А аб пройдзеным шляху скажу так: было ўсякае, ох, якое ўсякае, але так яно і ва ўсіх нас, ды і ці тое яшчэ будзе. Шукаў срэбра, калі выжываў, знайшоў золата, навучыўшыся трохі жыць".
Падводзячы вынікі, хлопец адзначыў, што прачытаў за гэты час 63 кнігі, атрымаў новыя веды і ўменні. "У галаве дзясяткі планаў, толькі прашу ў неба сіл для іх ажыццяўлення. Пакуль я дыхаю і сэрца б'ецца, наперад душа мая імкнецца! Хто, калі не мы, зменіць гэты свет?! Ніхто, акрамя нас!" — напісаў Захар.
Пасля службы ён вярнуўся ў расійскі ўніверсітэт працягваць навучанне.
Дарэчы, сацсеткі хлопец вядзе па-беларуску. У вольны час як валанцёр дапамагае бяздомным жывёлам.