"Арэшнік" у Беларусі знаходзіцца пад Крычавам — Reuters
Ракета "Арэшнік" / Insider
Ваенныя даследчыкі з ЗША выявілі магчымую лакацыю ракет "Арэшнік" на тэрыторыі Беларусі. Як паведамляе Reuters, спадарожнікавыя здымкі сведчаць, што ракетная база можа знаходзіцца на былым вайсковым палігоне пад Крычавам, усяго за некалькі кіламетраў ад расійскай мяжы.
Эксперты зафіксавалі на аб’екце характэрныя прыкметы стратэгічнай ракетнай базы. На тэрыторыі з’явіўся новы чыгуначны вузел з ахоўным агароджваннем, а таксама бетанаваныя пляцоўкі. Будаўніцтва, імаверна, пачалося 4 жніўня 2025 года.
Амерыканскія даследчыкі "на 90% упэўненыя" у дакладнасці гэтай інфармацыі.
Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што "Арэшнікі" паступілі ў Беларусь і нават заступілі на баявое дзяжурства. Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі сцвярджае, што Кіеў ведае дакладныя каардынаты базы і перадаў гэтую інфармацыю сваім замежным партнёрам.