Шукайце добрых настаўнікаў для дзяцей, а не школу: парада бацькам у Беларусі
Чаму цяпер важней шукаць добрага настаўніка для свайго дзіцяці, а не “добрую школу” / nashkraj.by
— Нягледзячы на адмоўны адбор у Беларусі, ёсць настаўнікі ад Бога, ёсць тыя, хто застаецца ў прафесіі з самаахвярнасцю або з іншых прычын, — лічыць Наталля Іскарцава, сузаснавальніца школы Stembridge. У межах праекта “Беларусь 2030” яна паспрабавала адшукаць аптымізм у сучаснай беларускай школе і звярнула свой погляд на настаўнікаў.
— Нягледзячы ні на што, яны вучаць дзяцей. Нягледзячы на ідэалагізацыю, бюракратыю, усе гэтыя лінейкі, паперы і ўсё астатняе. Яны застаюцца з дзецьмі, вучаць.
Таму мне здаецца, што ўсё добрае, што можа здарыцца ў Беларусі, калі не будзе нейкіх сур’ёзных сістэмных змен, — гэта тое, што бацькі прыходзяць у школу да настаўнікаў і застаюцца з імі. Вакол настаўнікаў фармуюцца здаровыя асяродкі. Калі і можна казаць пра тое, на што бацькі могуць паўплываць, дык гэта на тое, якога настаўніка яны выбіраюць для сваіх дзяцей.
Адпаведна, выбіраючы школу, варта глядзець не на рэйтынгі — яны лёгка маніпулююцца, не на блізкасць да дома, а на настаўнікаў, — раіць бацькам Наталля Іскарцава.