У Беларусі не мілітарызаваная толькі дашкольная адукацыя

iSANS падрыхтаваў даклад “Мілітарызацыя сістэмы адукацыі Беларусі”

iSANS падрыхтаваў даклад “Мілітарызацыя сістэмы адукацыі Беларусі” / Скриншот видео

У Беларусі толькі дашкольная адукацыя не падверглася татальнай мілітарызацыі, гаворыцца ў аглядзе, прадстаўленым iSANS. Хаця і там працэс мілітарызацыі адбываецца — павольна, не сістэмна і пакуль не носіць усеахопнага характару. Пры гэтым аналітыкі апошнія некалькі гадоў пастаянна назіраюць спробы ўладаў Беларусі змяніць сітуацыю.

Даклад “Мілітарызацыя сістэмы адукацыі Беларусі” (кастрычнік 2025 года) фіксуе сістэмную трансфармацыю беларускай адукацыі ў 2021–2025 гадах. За чатыры гады адбыўся пераход ад асобных ініцыятыў да комплекснай дзяржаўнай мадэлі ваенна-патрыятычнага выхавання, якая ахоплівае ўсе ўзроўні адукацыі.

Сярод асноўных напрамкаў мілітарызацыі — стварэнне ваенна-патрыятычных клубаў, якіх на кастрычнік 2025 года налічваецца да 550 па ўсёй краіне. Міністэрства адукацыі паставіла задачу стварыць такі клуб у кожным каледжы.

З 2021 года ва ўсіх школах уведзены пасады кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, і да 2025 года яны сталі пастаяннай часткай педагагічных калектываў.

З 1 верасня 2025 года тэрмін вучэбна-палявых збораў для дзесяцікласнікаў павялічаны з 5 да 10 дзён; зборы праводзяцца на базе сілавых падраздзяленняў з кругласутачным знаходжаннем у казармах.

З 2023 года ўкараняюцца праграмы навучання кіраванню беспілотнікамі. З верасня 2025 года ў школах з’явіўся спецыяльны факультатыў па падрыхтоўцы аператараў БПЛА. Праграмы рэалізуюцца ў ВНУ з ваеннымі кафедрамі і ў шэрагу каледжаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.