У бары, дзе ў навагоднюю ноч загінулі 40 чалавек, даўно не было праверак бяспекі
Бар, у якім адбыўся пажар у навагоднюю ноч / Maxime Schmid/AFP/Getty Images
Чыноўнікаў у Кран-Мантане — швейцарскім курорце, дзе ў навагоднюю ноч падчас пажару ў бары Le Constellation загінулі 40 чалавек, пераважна падлеткаў, — абвінавачваюць у грубых парушэннях. 6 студзеня яны прызналі, што ў бары цягам шасці гадоў не праводзіліся належныя інспекцый.
"Мы глыбока шкадуем", — заявіў мэр Кран-Мантаны Нікаля Фэро на аўторачнай прэс-канфэрэнцыі, піша Gazeta Wyborcza. "Судовая сістэма высветліць, у якой ступені гэтая нядбайнасць паўплывала на ланцуг падзеяў, што прывялі да трагедыі", — дадаў ён.
Паводле звестак уладаў, апошняя праверка адбылася ў траўні 2019 году, хаця правілы прадугледжваюць, што ўстанова мусіць правярацца штогод. Як паведамляе Фэро, праверка шасцігадовай даўніны не выявіла сур’ёзных парушэнняў у Le Constellation, а ўладальнікі ліквідавалі дробныя недахопы, у тым ліку ўсталявалі ў адных з дзвярэй адмысловую ручку для хуткага адчынення ў выпадку панікі.
Уладальнікам бару з’яўляецца французская сямейная пара — Жак і Джэсіка Марэці. У дачыненні да абодвух вядзецца расследаванне з-за падазрэнняў у нядбайнасці, якая магла прывесьці да пажару.
У аўторак, у сваёй першай заяве пасля трагедыі, уладальнікі прызналі, што яны "зламаныя і пагружаныя ў смутак".
"Мы запэўніваем, што будзем цалкам супрацоўнічаць з уладамі і не збіраемся ніякім чынам ухіляцца ад адказнасці", — напісалі яны ў заяве, перададзенай праз адвакатаў.
Якія парушэнні выявілі
На фоне апошніх заяваў, у Швейцарыі нарастае хваля крытыкі ўладаў за ігнараванне парушэнняў супрацьпажарных правілаў. З фотаздымкаў, якія трапілі ў інтэрнэт яшчэ ў 2015 годзе, а таксама з паказанняў сведкаў, якія наведвалі бар, вынікае, што небяспека існавала даўно — у тым ліку, у выглядзе столі падвалу, пакрытай лёгкаўзгаральнай пенай, і адсутнасці эвакуацыйных выхадаў.
Як тлумачыў у аўторак мэр, гукаізаляцыйная пена на столі падвалу ніколі не лічылася пагрозай, бо супрацьпажарныя правілы не абавязваюць мясцовых інспектараў правяраць будаўнічыя матэрыялы.
Следчыя, якія высвятляюць прычыны трагедыі, ад самага пачатку ўказвалі, што пажар узнік ад іскраў бенгальскіх агнёў, прымацаваных да бутэлек з шампанскім.
З апошніх зьвестак вынікае, што ў бары так забаўляліся гадамі. Швейцарскае тэлебачанне RTS у мінулы панядзелак апублікавала відэа, знятае ў Le Constellation у навагоднюю ноч 2019 году. На відэа чуваць голас, які кажа: "Асцярожна з пенай!", калі бенгальскія агні падымаюць у бок столі. Мэр Фэро ў аўторак прызнаў, што мясцовыя ўлады раней не ведалі пра гэты запіс, і дадаў, што ён паказвае "нядбайнасць" кіраўніка бару.
Акрамя таго, хоць у Швейцарыі законны ўзрост ужывання піва і віна складае 16 гадоў, мясцовыя правілы забараняюць асобам маладзейшым за 16 гадоў знаходзіцца ў барах пасьля 22:00 без дарослага апекуна.