Перастаў працаваць яшчэ адзін прыватны медцэнтр: як гэта тлумачыць Мінздароўя

Медыцынскі цэнтр "Альфамед"

Медыцынскі цэнтр "Альфамед" / prodelo.by

“Паважаныя пацыенты. Інфармуем вас пра часовае прыпыненне ліцэнзіі на медыцынскія паслугі”, — такая інфармацыя з’явілася днямі на сайце медыцынскага цэнтра “Альфамед”.

Ці варта чакаць, што цэнтр адкрыюць бліжэйшым часам, ці лепш звяртацца ў іншы?

Каб даведацца пра гэта, журналіст Еўрарадыё ад імя пацыента патэлефанаваў непасрэдна ў Міністэрства аховы здароўя.

— У “Альфамеда” не падоўжана ліцэнзія. Пакуль яе не падоўжаць, вы туды не зможаце запісацца. 
Цэнтр адкрыецца, калі будуць ліквідаваныя недахопы, праз якія яго закрылі. Калі гэта адбудзецца, могуць адказаць толькі там.

— Ці ёсць сэнс пачакаць, калі ўжо прывык абследавацца менавіта ў “Альфамедзе”?

— Дакладна вам не зможа адказаць ніхто. Уся прычына ў недахопах. Недахопы ліквідаваныя — цэнтр адкрыты.

— Дык колькі чакаць: месяц, год ці колькі?

— Можа быць і год, і тыдзень, і тры месяцы, і два гады. Гэта ўсё залежыць толькі ад іх.

— Там нешта сур’ёзнае здарылася?

— Лепш пакуль запішыцеся ў які-небудзь іншы цэнтр, на ўсялякі выпадак.

Тэлефануем у “Альфамед”. Там пацвярджаюць, што ліцэнзія прыпыненая.

— Калі медыкі змогуць вярнуцца да сваёй працы? Ці ёсць верагоднасць, што пытанне хутка вырашыцца?

— Заўсёды ёсць такая верагоднасць. Мы вельмі чакаем і маем надзею. Тэлефануйце пасля 10 студзеня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.