“Ён спужаўся і адпусціў”. Гісторыі лекарак пра дамагальніцтвы на працы

"Пакуль я аглядала малога, ён пачаў дакранацца да мяне"

"Пакуль я аглядала малога, ён пачаў дакранацца да мяне" / Euroradio via Chat GPT

Непажаданыя паводзіны ў дачыненні жанчын сталі адным з галоўных трыгераў для скандалаў у беларускай эміграцыі ў гэтым годзе. Пры гэтым пра тое, што адбываецца ў працоўных калектывах у самой Беларусі, амаль нічога невядома. Такія гісторыі рэдка з’яўляюцца ў прэсе, а дзяржава не публікуе такую статыстыку.

З мэтай звярнуць увагу на праблему, Еўрарадыё дзякуючы дапамозе ініцыятывы "Белыя халаты" распавядае гісторыі дзвюх былых мінскіх доктарак Ганны і Кацярыны, якія на працы сутыкнуліся з харасментам з боку калег і пацыентаў. А гендарная даследчыца Ірына Сідорская каментуе, наколькі такая практыка можа быць распаўсюджанай у дзяржаўнай сферы медпаслуг.

Імёны і пэўныя дэталі гісторый гераінь змененыя на іх просьбу, іх кантакты захоўваюцца ў рэдакцыі. 

 

“Мне пашанцавала — ён спужаўся і адпусціў мяне”

— Калі я толькі пачала працаваць участковым педыятрам у адной з мінскіх паліклінік, мне было менш за трыццаць гадоў. Гэта быў мой першы год самастойнай працы: высокая нагрузка, пастаянны паток пацыентаў, жаданне рабіць усё правільна і не падвесці ні дзяцей, ні іх бацькоў, ні калег. 

Я тады яшчэ не разумела, што, апроч прафесійных складанасцяў, мяне чакае яшчэ адна негалосная і непрыемная частка медыцынскай працы — харасмент з боку пацыентаў.

Першы выпадак адбыўся прама падчас прыёму. Бацька трохгадовага хлопчыка прыйшоў адзін з дзіцем. Пакуль я аглядала малога, ён пачаў дакранацца да мяне — спачатку да нагі, затым вышэй, да сцягна. Гэта адбывалася прама ў кабінеце, пры дзіцяці, але так, каб яно не бачыла. Я некалькі разоў адштурхоўвала яго руку, спакойна і ветліва прасіла спыніцца. Я не магла павысіць голас — перада мной быў маленькі пацыент, якога нельга было пужаць. Але ні просьбы, ні фізічная адмова не дапамаглі. У пэўны момант я зразумела, што адзіны выхад — спыніць прыём і папрасіць яго пакінуць кабінет.

“Ён спужаўся і адпусціў”. Гісторыі лекарак пра дамагальніцтвы на працы
"У пакоі ён зачыніў дзверы, пачаў пагражаць" / Euroradio via ChatGPT

Я памятаю не столькі страх, колькі адчуванне бяссільнасці і абсурднасці таго, што адбываецца. Гэта не выглядала як нешта экстраардынарнае — і менавіта гэта пужала найбольш. Стваралася ўражанне, быццам падобныя рэчы адбываюцца занадта часта, каб іх успрымалі сур’ёзна.

Другі выпадак здарыўся ўжо на трэцім годзе працы і быў значна больш небяспечным. Я прыйшла на хатні візіт да дзяўчынкі малодшага школьнага ўзросту. Дома быў толькі яе бацька. Пасля агляду дзіцяці ён прапанаваў мне перайсці ў іншы пакой — нібыта для размовы. Я не западозрыла нічога дрэннага. У пакоі ён зачыніў дзверы, пачаў пагражаць, патрабаваў агледзець яго самога і пачаў распранацца. Я стала крычаць і пагражаць выклікам міліцыі. Мне пашанцавала — ён спужаўся і адпусціў мяне. Я выйшла адтуль з дрыготкімі рукамі і з выразным разуменнем, што гэта магло скончыцца значна горш.

Пасля першага выпадку я нават не думала звяртацца да адміністрацыі бальніцы. Я добра разумела, як усё ў сістэме ўладкавана: катастрафічны недахоп медыкаў, перагружаныя ўчасткі, пастаянныя перапрацоўкі. Адзін асобны эпізод харасменту ў такой рэальнасці ўспрымаецца як дробная нязручнасць, якая не заслугоўвае ўвагі. Я ведала, што просьба аб пераносе пацыента або аб абмежаванні маіх візітаў проста будзе праігнараваная.

Але пасля другога выпадку я ўсё ж вырашыла пагаварыць з загадчыцай аддзялення. Я сказала наўпрост: “Мне страшна, я баюся зноў аказацца ў такой сітуацыі”. Я папрасіла забраць у мяне гэтую сям’ю ці хаця б не адпраўляць мяне на візіты, калі дома толькі маці. На гэтым і спыніліся. Фармальна меры былі прынятыя, але па сутнасці нічога не змянілася. Гэты мужчына працягваў прыходзіць да мяне на прыём з дзіцем — часам з маці, часам без яе. Ніякіх размоў з ім, ніякіх наступстваў, не было.

Звяртацца ў праваахоўныя органы нават не разглядала. Больш за тое, я разумела, што калі пайду туды сама, ствару праблемы не толькі сабе, але і кіраўніцтву. У сістэме аховы здароўя больш за ўсё баяцца скаргаў пацыентаў — нават калі яны неабгрунтаваныя. Тут атрымалася б слова ўрача супраць слова пацыента, і ў такой канфігурацыі лекар амаль заўсёды прайграе.

З цягам часу я зразумела, што харасмент у медыцынскім асяродку — гэта не выключэнне, а амаль правіла. Жанчыны-лекары і медсёстры сутыкаюцца з гэтым пастаянна, проста не ўсе называюць гэта сваім імём. Псіхіка абараняецца: ты пераконваеш сябе, што нічога страшнага не адбылося, што магло быць горш, што жорсткага фізічнага гвалту не было. Такое стаўленне дапамагае выжыць і працягваць працаваць.

Да гэтага дадаецца каласальная нагрузка. Калі працуеш ад восьмай раніцы да дзявятай вечара, шэсць дзён на тыдзень, фізічна няма часу асэнсоўваць, што цябе дакрануліся за калена або зачынілі ў пакоі. На фоне пагроз жыццю пацыентаў, недахопу персаналу, пастаянных скаргаў і праверак такія рэчы падаюцца не прыярытэтнымі.

Я размаўляла пра гэта з калегамі — і маладымі, і старэйшымі. Практычна кожная жанчына ў паліклініцы расказвала падобныя гісторыі. Гэта стварала дзіўнае адчуванне калектыўнага пагаднення з насіллем: калі гэта адбываецца з усімі, значыць, так усталяваная сістэма.

Фармальна ёсць адміністрацыя, кіраўнікі, інстанцыі, але па факце маладыя лекары не адчуваюць, што ёсць куды звярнуцца і што іх сапраўды пачуюць. Нават самыя разумныя загадчыцы заціснутыя паміж недахопам рэсурсаў і страхам перад скаргамі пацыентаў. Каб сістэма пачала рэагаваць, патрэбныя адэкватная нагрузка і час — а гэтага няма і не было гадамі.

Я не магу прапанаваць простага вырашэння праблемы, але дакладна ведаю, з чаго трэба пачынаць — з яе прызнання. З выразнага сігналу ад адміністрацыі, што харасмент — гэта не "дробная нязручнасць", а падстава для дзеянняў. Стварэння прасторы, дзе лекар, асабліва малады і ўразлівы, не застаецца адзін на адзін з насіллем.

Пакуль гэтага няма, жанчыны ў медыцыне будуць працягваць маўчаць, церпець і сыходзіць. А сістэма будзе рабіць выгляд, што нічога не адбываецца.

“Усё гэта лічылася часткай сацыяльнай нормы”

— Я працавала ў медыцыне з 2018 па 2021 год. Скончыла ўніверсітэт у 2015 годзе, таму на той момант гэта быў прыкладна трэці год маёй працы ў прафесіі. Працавала я ў Мінску, у некалькіх паліклініках, ужо ў якасці доктара, не інтэрна, хаця яшчэ была даволі маладая. За гэты перыяд мне давялося сутыкнуцца з некалькімі нязручнымі сітуацыямі, але хардкорных выпадкаў, якія б пагражалі маёй бяспецы, не было.

“Ён спужаўся і адпусціў”. Гісторыі лекарак пра дамагальніцтвы на працы
"Я магла спыніць такія паводзіны словамі "хопіць" / Euroradio via ChatGPT

Асабліва я ўспамінаю аднаго калегу, мужчыну старэйшага ўзросту, прыкладна 50+ гадоў, які часам меў паводзіны, што маглі быць нязручнымі для маладых жанчын-лекараў, уключна са мной. Ён мог зрабіць каментар адносна бялізны пад медыцынскай формай або падысці з боку за спіну, нібы дакрануцца да шыі, што, натуральна, адчувалася дзіўна. 

Але самае галоўнае для мяне было тое, што калі я магла спыніць такія паводзіны словамі "хопіць", ён сапраўды спыняўся. Гэта былі выпадкі каментароў з сексуальным падтэкстам і парушэннем сацыяльнай прасторы, але без рэальнай небяспекі. Такія паводзіны паўтараліся некалькі разоў, але заўсёды ў межах таго, што ён лічыў сацыяльна прымальным.

Мой калега не быў маім непасрэдным кіраўніком. Мы працавалі ў адным шпіталі, але ён быў старэйшы і меў больш досведу, таму ён займаў іншы ўзровень у прафесійнай іерархіі. На момант гэтых сітуацый мне было каля 27 гадоў. 

Гэтыя паводзіны былі прынятыя калегамі як нешта звычайнае, ніхто не ўмешваўся, адміністрацыя шпіталя таксама не рэагавала — усё гэта лічылася часткай сацыяльнай нормы. Размовы з кіраўніцтвам па гэтым пытанні не вялося, і гэта не ўплывала на маю працу.

Калі разважаць пра харасмент у больш шырокім кантэксце, самыя траўматычныя ўспаміны ў мяне звязаныя яшчэ са школай. У маленькім горадзе, калі я хадзіла ў школьнай форме — вузкай сукенцы — быў адзін выпадак, калі чалавек у стане алкагольнага ап’янення падышоў і пляснуў мяне па азадку. Гэта быў момант сапраўднай небяспекі, страху і непрадказальнасці. На фоне гэтага выпадкі ў медыцыне з калегам здаваліся мне непрыемнымі, але не пагражалі бяспецы.

Важна адзначыць, што я разумею, адкуль паходзяць такія паводзіны: у тым сацыяльным кантэксце мужчынам падобныя каментары і паводзіны здаваліся цалкам нармальнымі. Універсітэт і першыя гады працы далі мне магчымасць сустракацца з такімі сацыяльнымі канструктамі, таму я была да гэтага падрыхтаваная. 

Сёння, калі я разважаю пра гэтыя падзеі, мне здаецца, што тады гэта ўспрымалася як частка нормы, але зараз — як недапушчальныя паводзіны. Гэта паказвае, што грамадства змяняецца і паводзіны, якія раней лічыліся прымальнымі, цяпер разглядаюцца па-іншаму. 

У сваёй прафесійнай практыцы я прыйшла да высновы, што ключавым з’яўляецца адукацыя хлопцаў, а не толькі ахова дзяўчат: “educate your son” — гэта больш эфектыўны шлях да змянення сацыяльных паводзінаў.

“Маўляў, нам і так цяжка, а ты яшчэ ствараеш праблемы”

Гендарная даследчыца Ірына Сідорская ў размове з Еўрарадыё адзначыла, што ў адкрытым доступе практычна няма даследаванняў, прысвечаных харасменту і гендарнай дыскрымінацыі менавіта ў беларускай медыцынскай сферы. Аднак адсутнасць статыстыкі не азначае адсутнасці самой праблемы.

“Мяркую, калі б яны існавалі, я б пра іх ведала. Але як гендарная даследчыца са шматгадовым досведам магу з упэўненасцю сказаць: калі ў грамадстве існуе сістэмная гендарная дыскрымінацыя і харасмент — а гэта распаўсюджаная з’ява, — то медыцына не можа быць выключэннем”.

На думку эксперткі, харасмент у медыцынскай сферы варта разглядаць у кантэксце агульных структурных фактараў.

“Ён спужаўся і адпусціў”. Гісторыі лекарак пра дамагальніцтвы на працы
"Яна часта сутыкаецца з абвінавачваннямі: маўляў, нам і так цяжка, а ты яшчэ ствараеш праблемы”/ Euroradio via ChatGPT

“Па-першае, беларуская медыцына — моцна фемінізаваная сфера. Там працуе вельмі шмат жанчын, і гендар застаецца ключавым крытэрам у размеркаванні роляў і ўлады. Па-другое, гэта ўзрост: у медыцыне шмат маладых жанчын — студэнтак на практыцы, ардынатарак, прадстаўніц малодшага і сярэдняга медыцынскага персаналу: медсясцёр, санітарак. Гэта групы з найбольш уразлівым статусам”.

Суразмоўніца таксама звяртае ўвагу на вертыкальную і гарызантальную гендарную сегрэгацыю ўнутры самой прафесіі.

“Калі мы паглядзім на іерархію, то ўбачым, што малодшы і сярэдні персанал — пераважна жанчыны, а вось на ўзроўні дактароў, загадчыкаў аддзяленняў, кіраўніцтва бальніц мужчын значна больш. Акрамя таго, існуе сегрэгацыя і сярод саміх дактароў: ёсць “жаночыя” і “мужчынскія” спецыялізацыі”.

Экспертка нагадвае пра публічныя дыскусіі вакол абмежаванняў для жанчын у хірургіі.

“Мы чулі пра негалосныя, а часам і афіцыйныя ўстаноўкі, што жанчынам не варта ісці ў хірургію, хуткую дапамогу — маўляў, гэта “не жаночая справа”. Жанчын часта накіроўваюць у тэрапію, педыятрыю, гінекалогію, сямейную медыцыну — сферы, звязаныя з “якасцю жыцця”, а не з выратаваннем жыцця ў крытычным сэнсе. Гэта таксама форма дыскрымінацыі”.

Яшчэ адным фактарам Сідорская называе закрытасць і карпаратыўнасць медыцынскай сістэмы.

“Медыцына — вельмі жорстка рэгуляваная сфера з высокім узроўнем адказнасці і пастаянным ціскам. Там моцныя карпаратыўныя правілы і культура “трымацца разам”. У такой сітуацыі, калі маладая жанчына без высокага статусу пачынае гаварыць пра харасмент, яна часта сутыкаецца з абвінавачваннямі: маўляў, нам і так цяжка, а ты яшчэ ствараеш праблемы”.

Пры гэтым многія праявы харасменту проста не распазнаюцца.

“Хто вучыў беларускіх жанчын адрозніваць харасмент? Мы толькі ў апошнія гады пачалі пра гэта гаварыць. Сексуалізаваныя жарты, недарэчныя кампліменты, дотыкі, намёкі часта ўспрымаюцца як “нармальнае жыццё”, а не як парушэнне межаў. Таму ахвяры рэдка звяртаюцца па дапамогу і не лічаць гэта падставай для скаргаў”.

Што датычыцца харасменту з боку пацыентаў, Ірына Сідорская адзначае, што медыцынскія работнікі часта адчуваюць сябе цалкам неабароненымі.

“З таго, што я чытаю і чую, у тым ліку з публічных выказванняў экспертаў, бачна: у нашай сістэме крайнім часта застаецца менавіта медык. Існуе ўстаноўка, што пацыент заўсёды мае рацыю, а доктар “усё павінен”. У такой логіцы абарона правоў медыцынскіх работнікаў, у тым ліку ў выпадках харасменту, выглядае вельмі слабой”.

Гаворачы пра магчымыя шляхі змен, экспертка падкрэслівае сістэмны характар праблемы.

“Пакуль існуе аўтарытарная сістэма ўлады, у якой харасмент, сексуалізаваны гвалт і дыскрымінацыя жанчын не прызнаюцца праблемай, складана чакаць, што ў асобнай бальніцы будзе зусім іншая рэальнасць. Патрэбныя глыбокія рэформы ўсёй медыцынскай сферы і змена каштоўнасцяў”.

Аднак нават у цяперашніх умовах, лічыць Сідорская, ёсць пункты апоры: медыя і міжнародныя дамовы.

“Беларусь ратыфікавала міжнародныя канвенцыі аб ліквідацыі дыскрымінацыі жанчын, існуюць рэкамендацыі Міжнароднай арганізацыі працы, якія даюць выразнае вызначэнне сексуалізаванаму харасменту. Нават калі дзяржава іх не выконвае, на іх можна і трэба спасылацца.

Пра гэта трэба гаварыць у медыя. І тыя, хто практыкуе харасмент, часта не ўсведамляюць, што яны робяць. І ахвяры часта ўспрымаюць гэта як нешта непрыемнае, але “нармальнае”. Без шырокай асветніцкай працы гэта не зменіцца. Таму патрэбны комплексны падыход: рэформы, новыя каштоўнасці і шырокая грамадская дыскусія”, — лічыць суразмоўніца.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.