Агульнага рынку лекаў у ЕАЭС няма — міністр Еўразійскай эканамічнай камісіі
Лекі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У ЕАЭС на сёння няма агульнага рынку лекавых сродкаў. Пра гэта ў інтэрв'ю "Першаму інфармацыйнаму" тэлеканалу заявіў член Калегіі (міністр) па канкурэнцыі і антыманапольным рэгуляванні Еўразійскай эканамічнай камісіі (ЕЭК) Максім Ермаловіч.
Ён заявіў, што ў 2025 годзе быў праведзены тэматычны аналіз, які паказаў, што рынкі сегментаваныя. Спецыялісты ЕЭК праверылі 68 найменняў найбольш папулярных лекавых прэпаратаў: "Аказалася, што на большую частку — 44 прэпараты — у нас існуе паміж краінамі высокі цэнавы дыспарытэт". Паводле Ермаловіча, у розных краінах аналагічныя прэпараты ў аднолькавай дазіроўцы могуць мець розніцу ў цане да шасці разоў. "З пункту гледжання антыманапольнага рэгулявання досыць складана растлумачыць", — цытуе выданне "Позірк" словы Ермаловіча.
Таксама ён заявіў аб праблемах у парфумерна-касметычнай галіне. Там, маўляў, часта выдаюць сваю прадукцыю за лекавыя прэпараты: "Мы сутыкнуліся з гэтым у сваёй практыцы, калі не пацверджаны як лекавы прэпарат сродак, парфумерна-касметычны паводле заяўленай наменклатуры, прадаецца з найменнем, якое цалкам адпавядае лекаваму прэпарату".
Функцыянаванне агульнага рынку лекавых сродкаў прадугледжана дакументамі, прынятымі ў 2014 годзе. Наконт гэтага прыняты шэраг актаў ЕЭК. У 2019 годзе пачалася рэгістрацыя лекавых прэпаратаў па адзіных правілах ЕАЭС. Аднак канцэпцыя развіцця агульнага рынку лекавых сродкаў у рамках ЕАЭС зацверджаная толькі ў 2025-м. Згодна з дакументам, з 1 студзеня 2026 года на тэрыторыі дзяржаў-чальцоў павінны абарочвацца толькі тыя лекавыя прэпараты, якія прайшлі рэгістрацыю паводле згаданых правілаў.