Што такое Perplexity — "гугл будучыні", які стварае беларус
Вось, што Perplexity "ведае" пра Еўрарадыё / Euroradio
Уплывовае амерыканскае выданне The New York Times падало пазоў на заснаваны беларусам стартап Perplexity. Можна сказаць, што Perplexity — гэта гугл на аснове штучнага інтэлекту. І амерыканская газета — не першае медыя, якое судзіцца з гэтым стартапам праз тое, што той неакуратна абыходзіцца з аўтарскім правам.
Гэта той самы стартап, долю ў якім зусім нядаўна выкупіў футбаліст Крышціяну Раналду. Ну а ў 2024 годзе LinkedIn назваў Perplexity AI амерыканскім стартапам № 1. Але што ж такое Perplexity — "гугл будучыні" ці вораг журналістаў? І галоўнае — пры чым тут беларусы?
"А ён на нас глядзіць"
Улетку 2022 года адзін з заснавальнікаў Perplexity беларус Дзяніс Ярац прыйшоў да інвестара Google і распавёў, што хоча зрабіць новы пошукавік. Лепшы за Google.
"А ён на нас глядзіць вялізнымі вачыма і кажа, што гэта нерэальна", — узгадвае Ярац пра размову з партнёрам фонду Sequoia Capital Майклам Морыцам у інтэрв'ю Forbes.
Прадукт, пра які ў 2022 годзе казаў Ярац, павінен быў выдаваць карыстальніку не набор спасылак, а нармальна сфармуляваны адказ на запыт. Цяпер у многіх з вас ужо ёсць свае любімыя мадэлі на аснове штучнага інтэлекту. Але тады, у 2022-м, нават інвестарам гэтая ідэя здавалася фантастыкай.
Праз два гады сярод інвестараў Perplexity былі ўжо заснавальнік Amazon Джэф Безас, былая гендырэктар YouTube Сьюзэн Ваджыцкі, распрацоўшчык Nvidia ды іншыя.
Ярац жыве ў ЗША больш за дзесяць гадоў. А скончыў ён механіка-матэматычны факультэт у Белдзяржуніверсітэце па спецыяльнасці "Матэматыка і камп'ютарныя навукі". Ва ўніверсітэце Дзяніс захапіўся спартыўным праграмаваннем і прайшоў у Еўрапейскі фінал спаборніцтваў. Дзякуючы гэтаму ён убачыў, як выглядае цюрыхскі офіс Google. Аказалася, што бываюць офісы з бясплатнай сталоўкай і нават месцамі для гульняў! Дзяніс захацеў працаваць у такой кампаніі — і ён трапіў на сумоўе ў Google.
Праўда, беларуса туды не ўзялі праз нізкі ўзровень англійскай мовы — давялося з'ехаць у Маскву і папрацаваць у "Яндекс". Але там ён затрымаўся ненадоўга і неўзабаве апынуўся ў офісе пошукавіка ад Microsoft у Сіэтле.
З таго моманту на працу да сябе Дзяніса клікалі і Google, як адумаўся, і кампанія Марка Цукерберга Meta. Але ён абраў праект Quora. Неўзабаве беларуса паслалі на канферэнцыю ў Манрэаль, а там якраз анансавалі запуск OpenAI — той самай кампаніі, якая стварыла ChatGPT.
Тады Дзяніс перагледзеў свае планы і зразумеў, што трэба займацца машынным навучаннем. Ён пакінуў Quora і сышоў працаваць да Марка Цукерберга — распрацоўваць тэхналогіі ў галіне штучнага інтэлекту.
Паралельна Ярац спрабаваў атрымаць доктарскую ступень па філасофіі ў Нью-Ёркскім універсітэце і падчас студэнцкага абмену пазнаёміўся з будучым бізнес-партнёрам Аравіндам Шрынівасам. Той таксама вывучаў машыннае навучанне і яшчэ паспее папрацаваць з OpenAI.
У 2022 годзе Ярац і Шрынівас кінуць свае працы і разам з Джоні Хо і Эндзі Канвінскі паспрабуюць запусціць свой праект. І запусцяць, хоць спачатку інвестары не павераць у тое, што наогул можна стаць канкурэнтамі Google.
Чым Perplexity адрозніваецца ад ChatGPT?
Галоўная канкурэнтная перавага ў тым, што Perplexity заўсёды даваў не толькі адказ, але і спасылкі, па якіх карыстальнік можа перайсці і пераканацца ў тым, што ШІ не "галюцыніраваў". З ChatGPT як раз нельга было быць упэўненым у тым, што ШІ проста не прыдумаў адказ.
У 2024 годзе Ярац казаў, што Perplexity плануе заняць месца пасярэдзіне —паміж Google і OpenAI. "Гугліць" у будучыні будуць простыя запыты, а ў OpenAI чат-бот застанецца ўсяго толькі адным з сэрвісаў.
Засталося разабрацца з судовымі пазовамі.
"Калі б не тэхналогіі, мы б спрачаліся аб аўтарскім праве па тэлеграфе"
Чым незадаволеныя ў The New York Times? Выданне абвінавачвае Perplexity ў тым, што сістэма здабывае інфармацыю з іх вэб-сайта і выкарыстоўвае яе для генерацыі адказаў карыстальнікам.
Паводле выдання, чытачу больш не трэба аплачваць падпіску на газету — яму дастаткова проста задаць пытанне Perplexity. І чат-бот выкарыстоўвае працу соцень журналістаў, каб выдаць адказ — а выданне на гэтым нічога не заробіць. А часам Perplexity, як і іншыя боты, "галюцынуе" і выдае няправільныя адказы. У пазове гаворыцца, што гэтую непраўдзівую інфармацыю ён таксама часам прыпісвае The New York Times.
Медыя кажа, што за паўтара года некалькі разоў звярталася да Perplexity і патрабавала спыніць выкарыстоўваць іх матэрыялы. Але Perplexity не слухаўся.
"Выдаўцы судзяцца з новымі тэхналагічнымі кампаніямі ўжо сто гадоў, пачынаючы з радыё, тэлебачання, Інтэрнэту, сацыяльных сетак, а цяпер і штучнага інтэлекту, — сказаў Джэсі Дуайер, кіраўнік аддзела камунікацый Perplexity, у заяве для The New York Times. — На шчасце, гэта ніколі не спрацоўвала, інакш мы б усе казалі пра гэта праз тэлеграф".
Perplexity сапраўды не адзіная тэхналагічная кампанія, якая займаецца распрацоўкай ШІ і сутыкаецца з судовымі пазовамі. Напрыклад, The New York Times ужо судзілася з Microsoft і OpenAI, прычынай быў бот ChatGPT.
Усяго за чатыры гады з прычыны аўтарскіх правоў на кампаніі, якія займаюцца распрацоўкай ШІ, падалі больш за сорак пазоваў. Нядаўна пазоў супраць Perplexity падавала газета The Chicago Tribune, а летась — уладальнік выдання The Wall Street Journal і The New York Post. Большасць з усіх пададзеных пазоваў дагэтуль знаходзяцца ў судзе.
Часам праваўладальнікі выйграюць суды ў тэхналагічных кампаній. Напрыклад, з кампаніі Anthropic, канкурэнта OpenAI, спагналі 1,5 млрд долараў. Ім давялося заплаціць за тое, што яны нелегальна запампоўвалі мільёны абароненых аўтарскім правам кніг у працэсе распрацоўкі сваіх сістэм на базе штучнага інтэлекту.
А часам тэхкампаніі ідуць этычным шляхам і дамаўляюцца з медыя пра тое, як менавіта будуць выкарыстоўваць іх кантэнт — і колькі заплацяць за гэта. Напрыклад, сёлета тое ж выданне The New York Times заключыла пагадненне з Amazon. Яны дамовіліся, як генератыўны ШІ ад Amazon будзе выкарыстоўваць матэрыялы выдання пра кулінарыю і спорт. А іншыя матэрыялы будуць выкарыстоўвацца для навучання мадэляў штучнага інтэлекту.