Стала вядома пра чарговы дзіцячы суіцыд на Гомельшчыне

Падлетак, ілюстрацыйнае фота

Падлетак, ілюстрацыйнае фота / pexels.com

У сярэдняй школе №2 горада Ельска здзейсніла самагубства вучаніца шостага класа. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы "Гомельскай Вясны".

Уночы сацсетка паказвала, што дзяўчынка была анлайн, а ўжо а 6-й гадзіне раніцы яе знайшлі павешанай.

За апошнія пару тыдняў гэта ўжо трэці вядомы выпадак падлеткавага суіцыду ў гомельскай вобласці. Раней паведамлялася пра два самагубствы вучняў дзвюх розных школ у Гомелі.

Педагог з больш як 20-гадовым стажам пракаментаваў сітуацыю так: "Падлеткі не вытрымліваюць таго ідэалагічнага прэсінгу, які апошнімі гадамі на іх ажыццяўляюць настаўнікі, супрацоўнікі розных сілавых ведамстваў, вайскоўцы, ідэолагі з розных піянерый і БРСМаў. Вучняў пазбаўляюць тэлефонаў, за імі ўвесь час сочаць, аніякай школьнай свабоды няма, любое адступленне ад заідэалагізаваных патрабаванняў публічна караецца. Вынікам гэтага стае тое, што ў падлеткавай псіхіцы любая жыццёвая праблема можа прывесці да такой кардынальнай спробы яе вырашэння, як сыход з жыцця".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.