Польшча шмат гадоў жыве ў стане гібрыднай вайны з боку РБ і РФ — Наўроцкі

Караль Наўроцкі і Уладзімір Зяленскі

Караль Наўроцкі і Уладзімір Зяленскі / prezydent.pl

Польшча ўжо шмат гадоў жыве ў стане гібрыднай вайны з Расіяй і Беларуссю. Пра гэта прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі заявіў падчас сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім. 19 снежня ўкраінскі прэзідэнт наведаў з візітам Варшаву.

Як паведамляе portalobronny.se.pl, у гутарцы прэзідэнты абедзвюх краін закранулі пытанне пра пагрозы з боку Беларусі. У тым ліку згадалі і балістычную сістэму "Арэшнік", пра якую Лукашэнка напярэдадні паведаміў, што яна ўжо знаходзіцца ў Беларусі і бліжэйшым часам заступіць на баявое дзяжурства.

Згадаўшы пра гібрыдную вайну, Наўроцкі адзначыў: "Доказ гэтага — міграцыйны ціск на польскую мяжу з боку Беларусі, знішчэнне польскай інфраструктуры, а таксама ўварванне расійскіх беспілотнікаў у польскую паветраную прастору на пачатку верасня".

Паводле яго, Польшча не адзіная краіна Еўрасаюза і NATO, якая адчула такія дзеянні з боку РФ.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.