На базе польскай СПА затрымалі п'янага беларуса

Гдыня, ілюстрацыйнае фота

Гдыня, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

У польскай Гдыні на тэрыторыі 33-га ракетнага дывізіёна супрацьпаветранай абароны затрымалі грамадзяніна Беларусі.

Здарэнне адбылося яшчэ 23 лістапада, аднак вядома пра яго стала толькі цяпер. Пракуратура спрабуе высветліць, як беларус апынуўся на вайсковым аб'екце, піша MOST са спасылкай на польскія СМІ.

Паведамляецца, што позна ўвечары на базе СПА заўважылі трох пабочных асоб. Затрымаць патруль здолеў толькі аднаго з іх — грамадзяніна Беларусі. Мужчына быў п'яны — ён казаў, быццам заблукаў і не ведаў, што знаходзіцца на вайсковым аб'екце.

У яго мабільніку аказалася фота марскога порта. Таксама выявілі сведчанні, што ён шукаў нейкую пасылку. Як мужчына трапіў на тэрыторыю вайсковай базы — невядома: слядоў, якія паказваюць на ягоны шлях, не знайшлі.

Пра інцыдэнт паведамілі ў спецслужбы. Расследаваннем займаецца раённая пракуратура Гдыні.

У Міністэрстве абароны і спецслужбах гэтае здарэнне не каментуюць.

Напярэдадні стала вядома пра затрыманне беларуса на чыгунцы ў Гданьску.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.