Беларуса, які шпацыраваў каля чыгункі, затрымалі ў Польшчы
Паліцыя на чыгунцы, ілюстрацыйнае фота / Michał Kość / Forum
У ноч з 14 на 15 снежня Служба аховы чыгункі і паліцыі затрымала ў Гданьску 29‑гадовага грамадзяніна Беларусі.
Начны шпацыр беларуса падаўся паліцыі падазроным. Сцвярджаецца, што ў Польшчы ён перабываў нелегальна. Справай занялося Агенцтва ўнутранай бяспекі (ABW).
Як піша выданне Fakt, машыніст грузавога цягніка заўважыў падазронага мужчыну, які стаяў каля слупа электралініі на адной з чыгуначных ліній. Ён паведаміў дзяжурнай па руху, а тая — у рэгіянальную камендатуру Службы аховы чыгункі.
На месца выбыў патруль супрацоўнікаў Службы аховы чыгункі і паліцыі. Яны пабачылі, як мужчына шпацыруе уздоўж рэек, і затрымалі яго. Беларус расказаў, што ішоў пешшу па чыгунцы з гданьскай Оруні ў цэнтр горада. Аднак паліцыя не паверыла ў гэтую версію.
Свой адбітак наклалі і выбухі на чыгунцы, якія адбываліся ў Польшчы сёлета ў лістападзе.