Украіна не будзе прызнаваць Данбас расійскім ні дэ-юрэ, ні дэ-факта — Зяленскі

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / LRT

Украіна не будзе прызнаваць тэрыторыю Данбаса расійскай ні дэ-юрэ, ні дэ-факта. Пра гэта Уладзімір Зяленскі заявіў у размове з журналістамі.

Прэзідэнт Украіны паведаміў, што ЗША прапануюць стварыць на Данбасе свабодную эканамічную зону і "спрабуюць знайсці кампраміс" па гэтай тэрыторыі. Пытанне тэрыторый абмяркоўвалася на перамовах з Злучанымі Штатамі.

"Ні дэ-юрэ, ні дэ-факта мы прызнаваць Данбас расійскім не будзем, тую частку, якая часова акупаваная. Аднак мы прагаворым пытанне адносна тэрыторыі. Вы ведаеце, што яно — адно з ключавых, у гэтым пытанні ў нас пакуль кансенсусу няма", перадае hromadske.ua словы Зяленскага.

Раней выданне Politico пісала, што ЗША патрабуюць ад Украіны ў рамках патэнцыйнага мірнага пагаднення пакінуць не захопленую расіянамі тэрыторыю Данецкай вобласці, да гэтага ж імкнецца і Расія. Зяленскі заяўляў, што Украіна не разглядае магчымасць перадачы якіх-небудзь сваіх тэрыторый, бо гэтага не дазваляюць ні нацыянальнае заканадаўства, ні міжнароднае права.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.