Лідары ЕС прадставілі свой план гарантый бяспекі для Украіны

Уладзімір Зяленскі, лідары краін ЕС і прадстаўнікі ЗША

Уладзімір Зяленскі, лідары краін ЕС і прадстаўнікі ЗША / канцылярыя прэм'ер-міністра Польшчы

План гарантый бяспекі для Украіны агучылі лідары Еўрасаюза ў сумеснай заяве. Дакумент падпісалі лідары Германіі, Даніі, Фінляндыі, Францыі, Італіі, Нідэрландаў, Нарвегіі, Польшчы, Швецыі, Вялікабрытаніі, а таксама кіраўнікі Еўрасавета і Еўракамісіі.

"Злучаныя Штаты і еўрапейскія лідары пацвердзілі гатоўнасць сумесна працаваць над наданнем Украіне надзейных гарантый бяспекі і мер па эканамічным аднаўленні ў рамках пагаднення аб спыненні вайны", гаворыцца ў заяве.

План складаецца з шасці ключавых пунктаў: 
— доўгатэрміновая і маштабная падтрымка Украіны для фармавання і падтрымання яе Узброеных Сіл. Колькасць УСУ ў мірны час павінна складаць каля 800 тысяч чалавек, што дазволіць стрымліваць магчымыя канфлікты і абараняць тэрыторыю краіны;
— еўрапейская ініцыятыва "Шматнацыянальныя сілы для Украіны". Яна будзе фармавацца за кошт краін, гатовых удзельнічаць у рамках "Кааліцыі ахвочых", пры падтрымцы ЗША. Гэтыя сілы дапамогуць аднаўленню ўкраінскай арміі, забеспячэнню бяспекі паветранай прасторы Украіны і павышэнню бяспекі на моры. Мяркуецца, што яны будуць дзейнічаць і непасрэдна на тэрыторыі Украіны;
— механізм маніторынгу і верыфікацыі рэжыму спынення агню пад кіраўніцтвам ЗША з міжнародным удзелам. Мяркуецца, што гэтая мера дапаможа забяспечыць ранняе папярэджанне пра магчымы напад, фіксаваць парушэнні, а таксама прадугледжваць рэагаванне на іх. Дадаткова плануецца ўзгадніць механізм дээскалацыі для каардынацыі ўзаемных крокаў па зніжэнні напружанасці;
— юрыдычна аформленае абавязацельства прымаць меры па аднаўленні міру і бяспекі ў выпадку будучага ўзброенага нападу. У гэты пункт могуць быць уключаныя прымяненне Узброеных Сіл, разведвальная і лагістычная падтрымка, а таксама эканамічныя і дыпламатычныя дзеянні;
— інвестыцыі ў будучы росквіт Украіны. У гэтым пункце прадугледжваецца вылучэнне значных рэсурсаў на аднаўленне і рэканструкцыю, заключэнне ўзаемавыгадных гандлёвых пагадненняў, а таксама кампенсацыя шкоды, якую Расія прычыніла Украіне. У гэтым кантэксце былі замарожаныя расійскія актывы ў Еўрасаюзе;
— цвёрдая падтрымка ўступлення Украіны ў ЕС.

Таксама лідары краіне ЕС выказалі поўную падтрымку Уладзіміру Зяленскаму. Яны падкрэслілі, што канчатковае рашэнне па адчувальных пытаннях, у тым ліку тэрытарыяльных, можа прымаць толькі Украіна і толькі пасля рэальна забяспечаных гарантыях бяспекі.

Пры гэтым адзначаецца, што ніводзін пункт пагаднення не лічыцца канчаткова ўзгодненым, пакуль не ўзгодненыя ўсе ўмовы цалкам.

Дональд Трамп пасля размовы з еўрапейскімі лідарамі заявіў, што цяпер мір ва Украіне значна бліжэй, чым калі-небудзь раней.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.