За чатыры гады ў Польшчы затрымалі за шпіянаж 14 беларусаў
Польскія спецслужбы, ілюстрацыйнае фота
Ад пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе да цяперашняга часу ў Польшчы затрымалі 14 грамадзян Беларусі, якіх падазраюць у працы на расійскія і беларускія спецслужбы. Затрыманні праводзіла Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы.
У каментары выданню "Вот так" прэс-сакратар міністра-каардынатара польскіх спецслужбаў Яцэк Дабжыньскі расказаў, што 11 беларусаў затрымалі ў перыяд з лютага 2022-га да кастрычніка 2025 года. А ў лістападзе 2025-га — яшчэ траіх.
Усіх затрыманых беларусаў вінавацяць у шпіёнскай і дыверсійнай дзейнасці на тэрыторыі Польшчы. Па гэтым абвінавачанні па розных пунктах артыкула КК пагражае ад 6 месяцаў да пажыццёвага зняволення.
Агулам за гэты час польскія спецслужбы затрымалі па абвінавачанні ў шпіянаж 55 чалавек. Беларусы складаюць каля 20% ад агульнай колькасці. Нашы суайчыннікі — другая па колькасці група сярод абвінавачаных у шпіянажы, пасля ўкраінцаў.
Колькасць затрыманых беларусаў значна вырасла менавіта сёлета: польскія спецслужбы ў 2025 годзе ўзялі пад варту адразу дзевяць грамадзян краіны.