Ва Украіне прапануюць глушыць сотавыя станцыі ў памежжы Гомельшчыны
Сотавая вышка, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Станцыі беларускіх аператараў мабільнай сувязі каля мяжы з Украінай могуць выкарыстоўвацца расіянамі пры дронавых атаках. Пра гэта паведаміў украінскі эксперт Сяргей "Флэш" Бяскрэстнаў на аснове высноў Molfar Intelligence Institute, піша выданне "Флагшток".
Бліжэйшыя да Кіеўскай і Чарнігаўскай абласцей станцыі размяшчаюцца ў Гомельскай вобласці.
Эксперт мяркуе, што ў мадэмы беспілотнікаў ставяць SIM-карты расійскага аператара з пакетам роўмінгавых паслуг па Беларусі. Ва Украіне расійскія SIM-карты ў роўмінгу не працуюць. Але ад памежных станцый мабільнай сувязі на тэрыторыі Расіі і Беларусі расійскія "шахеды" атрымліваюць канал перадачы звестак да 70-90 кіламетраў углыб Украіны, адзначае ён.
Бяскрэстнаў прапанаваў знаходзіць такія базавыя станцыі і знішчаць на тэрыторыі Расіі. Задача з беларускімі станцыямі больш складаная: "Мы не атакуем РБ, але калі даказаць, што памежныя мабільныя станцыі Беларусі выкарыстоўваюцца "шахедамі" (а гэта цалкам рэальна зрабіць), то мы можам з чыстым сумленнем заглушыць прыёмныя частоты гэтых станцый РЭБам (Сродкі радыёэлектроннай барацьбы. — Рэд.) з нашай тэрыторыі падчас трывог і "шахедаў" паблізу межаў".
Таксама аналітык мяркуе, што эксперыменты расіян з тэставаннем набору сім-карт розных краін звязаныя з планамі па эксплуатацыі трэкераў у беспілотніках на тэрыторыі Еўрасаюза.