Літва можа блакаваць мабільную сувязь для барацьбы з метэазондамі

Кантрабандысцкі метэазонд, ілюстрацыйнае фота

Кантрабандысцкі метэазонд, ілюстрацыйнае фота / vsat.lrv.lt

Каб спыніць кантрабанду з дапамогай метэазондаў з Беларусі, у Літве бліжэйшым часам плануюць прыняць рашэнні аб блакаванні мабільнай сувязі. Як заявіў міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч, абвяшчэнне надзвычайнай сітуацыі па ўсёй краіне дазволіць хутчэй прымаць рашэнні і выкарыстоўваць больш рэсурсаў.

Надзвычайную сітуацыю ў сувязі з прылётам кантрабандных паветраных шароў з Беларусі Літва абвясціла 9 снежня. Кіраваць мерапрыемствамі прызначылі міністра ўнутраных спраў.

"Учора мы выдалі мой першы загад, даручэнне як кіраўніка па аперацыях, на падставе якога і аператары, так і прадстаўнікі Міністэрства транспарту і камунікацый і Міністэрства ўнутраных спраў павінны ў тэрміновым парадку прыняць прапановы аб магчымай блакаванні сувязі, блакаванні картак, іх выяўленні, што таксама павінна спрасціць аператыўныя дзеянні па пошуку і выяўленні магчымых партый кантрабанды з Беларусі", перадае LRT словы Кандратовіча.

Ён растлумачыў, што гаворка ідзе пра ўніфікацыю пэўных правілаў, бо розныя аператары выкарыстоўваюць розныя правілы распаўсюду SIM-картак. Як адзначыў міністр, некаторыя людзі купляюць такія карткі ў немалых колькасцях.

Кандратовіч дадаў, што пытанне продажу SIM-картак актуальнае не толькі праз кантрабандысцкія аэрастаты. Іх выкарыстоўваюць і спецыяльныя "бота-фермы" , так званыя SIM-боксы.

"Ужо выяўлена не адна такая прылада ў Літве, у нас была апошняя аперацыя — больш за 20 тысяч SIM-картак былі выкарыстаныя менавіта для такіх "бота-фермаў" так званых. Гэтая праблема шырэй, чым кантрабандысцкія паветраныя шары", — падкрэсліў міністр.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.