Беларусь адмовілася ад перамоваў з Літвой на палях АБСЕ — МЗС Літвы
МЗС Літвы / BNS
Літоўскія дыпламаты прапаноўвалі беларускім калегам правесці перамовы на палях пасяджэння Савета міністраў АБСЕ ў Вене 4 снежня. Аднак беларускі бок адхіліў прапанову, заяўляе МЗС Літвы.
У паведамленні ведамства гаворыцца, што 9 снежня ў літоўскае МЗС быў выкліканы часовы павераны ў справах Беларусі ў Літве. Яму ўручылі дыпламатычную ноту пратэсту "ў сувязі з гібрыднымі нападамі з тэрыторыі Беларусі, якія працягваюцца, і прымусовым затрыманнем уласнасці грамадзян і кампаній Еўрапейскага Саюза".
Таксама МЗС Літвы выказала шкадаванне з нагоды таго, што Беларусь адмовілася ад перамоваў на тэхнічным узроўні:
"Да такой магчымасці Літва была гатовая 4 снежня на Савеце міністраў АБСЕ ў Вене, пасля таго як Фінляндыя, якая старшынюе ў АБСЕ, прапанавала сваю дапамогу ў якасці пасярэдніка. На жаль, беларускі бок адхіліў гэтае запрашэнне, заявіўшы, што яго не задавальняе прапанаваны Літвой дыпламатычны ўзровень сустрэчы — для вырашэння гэтага пытання МЗС Літвы прызначыў спецыяльнага пасланца па пытаннях мяжы, які мае ранг Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара па асаблівых даручэннях".
Дарэчы, у беларускім МЗС казалі, быццам гэта Літва адмовілася ад прапановы правесці кансультацыі на палях міністэрскай сустрэчы АБСЕ.
9 снежня Аляксандр Лукашэнка чарговы раз запатрабаваў ад Вільні пачаць перамовы без удзелу трэціх краін і агучыў патрабаванні да гэтай краіны: вярнуць прызначаныя для Зімбабвэ пажарныя машыны (яны пастаўляліся ў абыход санкцый), нармалізаваць працу санаторыя ў Друскінінкаі і вярнуць грошы за порт у Клайпедзе.