Зорка на гадзіну. У чым феномен п'янага Ігара з Віцебска, які ўзарваў сацсеткі

Сэлфі Ігара Варахобава

Сэлфі Ігара Варахобава / threads.com/@ihar.varakhobau

Жыхар Віцебска Ігар Варахобаў на пачатку снежня стаў зоркай медыяў, проста апублікаваўшы сэлфі з подпісам, што ён бухі ідзе дадому. Мужчыну пачалі запрашаць на тэлеэфіры, прапаноўваць рэкламныя калабарацыі з брэндамі і нават ёсць рамантычныя прапановы ад дзяўчат.

Еўрарадыё запыталася ў псіхалагіні Ліліі Хедзінай, у чым феномен такой маланкавай знакамітасці беларуса.

“Людзі пазналі ў ім “свайго”

Паводле суразмоўніцы, у Варахобава атрымалася трапіць у нерв сённяшняга часу сваёй непасрэднасцю.

“Гэта прыклад так званай выпадковай сімвалічнай фігуры. Простае сэлфі з подпісам “я бухі іду дадому” — без пафасу, без маралі, без маскі. Людзі пазналі ў ім “свайго”: звычайнага, магчыма стомленага, неідэальнага, простага чалавека. 

І працэс абмеркавання імгненна запусціўся. Не таму, што падзея нейкая ўнікальная, а проста вельмі пазнавальная.

Зорка на гадзіну. У чым феномен п'янага Ігара з Віцебска, які ўзарваў сацсеткі
Віцебчук Іга Варахобаў / Калаж kz.kursiv.media

“Людзям даўно хочацца абмяркоўваць простыя чалавечыя гісторыі, а не ўвесь той шквал катастроф і болю, які пастаянна бушуе вакол нас.

Дарэчы, падобны сцэнар [які напаткаў Ігара] можна ўбачыць у іранічным і гратэскным, але даволі дакладным адлюстраванні тыповай дынамікі раптоўнай папулярнасці ў фільме Вудзі Алена “Рымскія прыгоды” — у сюжэце пра клерка, які аднойчы прачнуўся знакамітым”, — кажа Хедзіна.

Эфект “Чорнага квадрата” Малевіча

З псіхалагічнага пункту гледжання, у выпадку знакамітасці Ігара спрацаваў механізм, падобны да таго, які ў свой час запусціў “Чорны квадрат” Малевіча — раптоўная ўтрыраваная, карыкатурна простая форма на фоне агульнай складанасці і інтэлектуальнай перагружанасці.

“Мы ж сёння жывём у стане вострай трывогі, ва ўмовах перанасычанасці складанымі эмоцыямі, у Сусвеце, які пастаянна змяняецца і нібыта з’язджае з глузду. У грамадстве, дзе шмат гадоў дамінуюць кантроль, страх, самацэнзура і хранічнае напружанне, такая шчырасць успрымаецца як разрадка — як простая, зразумелая ўсім і псіхалагічна стабільная канструкцыя”, — разважае суразмоўніца. 

Хедзіна кажа, што бурлівая рэакцыя людзей сведчыць пра высокі ўзровень назапашанай фрустрацыі і дэфіцыт сацыяльна прымальных спосабаў эмацыйнай разрадкі. 

“Смех, мемы і іронія вакол гэтай сітуацыі — форма калектыўнай самарэгуляцыі. Таксама тут выразна бачная моцная патрэба ў простых чалавечых гісторыях без ідэалогіі. Калі афіцыйная публічная прастора перагружаная “правільнымі” вобразамі, маралізатарствам і пастаяннымі канфліктамі, грамадства пачынае масава рэагаваць на антыглянец — на нешта жывое, недасканалае, нават трохі сорамнае”.

Псіхалагіня мяркуе, што людзі адчулі эмпатыю да чалавека не праз тое, што ён быў п’яны.

“Гэта гісторыя не пра алкаголь. Яна — пра запыт на простую чалавечнасць”.

Вірусная знакамітасць — гэта карысна ці небяспечна?

Экспертка разважае, што такая вірусная знакамітасць можа небяспечна ўплываць на людзей, якія з ёй сутыкаюцца.

“[Яна] не пакідае часу на псіхалагічную адаптацыю. Чалавек не паспявае зразумець, за што менавіта яго любяць — за саму асобу ці за вобраз”.

Тут існуе шэраг рызык:

  • зліццё асобы з мемам (“я — той самы бухі чувак”);
  • імпульсіўныя рашэнні (звальненне, рэзкая змена ладу жыцця);
  • хейт, які амаль непазбежна суправаджае публічную вядомасць, бо любая ўвага запускае ў людзей уласныя рэакцыі, звязаныя з рознымі поглядамі, уласным болем і жыццёвым досведам;
  • расчараванне ў момант, калі ўвага спадае — а яна заўсёды спадае.

Калі ў чалавека няма ўнутраных апор і крытычнай дыстанцыі да ўласнага вобразу, такая знакамітасць можа хутка прывесці да эмацыйнага выгарання або дэпрэсіі. 

“На героя сітуацыі было накладзена мноства чужых чаканняў, віны і крытыкі — маўляў, калі ты стаў вядомым “ні з чаго”, мусіш выкарыстоўваць гэтую вядомасць “на карысць грамадства”.

Пры гэтым частка людзей крытыкавала і тых, хто “зрабіў” Ігара папулярным, выказваючы пагарду. 

“Як і любы яскравы феномен, гэты кейс выклікаў палярызацыю ў грамадстве. І ўсведамляючы такі маштаб уплыву, далёка не кожны герой здольны псіхалагічна даць рады з падобным выклікам.

Для асяродка гэта таксама стрэс: змяняюцца ролі, з’яўляецца ціск, чаканні, зайздрасць, ілюзія лёгкіх грошай і чужыя ацэнкі. У выніку дынаміка жыцця героя і яго блізкіх рэзка змяняецца — і далёка не заўсёды ў лепшы бок”, — разважае экспертка. 

Як варта правільна рэагаваць у сітуацыях, калі можа напаткаць такая славутасць? Лілія Хедзіна дае простыя парады:

  • Узяць паўзу і не прымаць лёсавызначальных рашэнняў у першыя тыдні. Эйфарыя — дрэнны дарадца.
  • Аддзяляць сябе ад вобразу і памятаць: папулярным становіцца не «я цалкам», а канкрэтная гісторыя ці роля. Для гэтага важна мець дастаткова ўстойлівую самаідэнтычнасць.
  • Захоўваць руціну і рэальныя сувязі. Людзі, якія ведалі цябе да інтэрнэту, — галоўная апора.
  • Крытычна ставіцца да манетызацыі. Не ўсё, што прыносіць грошы, карысна для псіхікі.
  • Пры неабходнасці звяртацца да спецыяліста. Гэта не слабасць, а гігіена псіхікі ў нестандартнай жыццёвай сітуацыі.

Такая вядомасць — гэта не падарунак і не катастрофа, а выпрабаванне. 

“Яно паказвае, наколькі ў чалавека ёсць унутраны каркас, а не толькі знешні поспех”, — падсумоўвае Хедзіна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.