Пасля скаргаў у сацсетках санстанцыя прыйшла ў "Піца Тэмпа"
Піца, ілюстрацыйнае фота / pexels.com
У сталічныя піцэрыі "Піца Тэмпа" прыйшла з праверкамі санстанцыя. Гэта адбылося пасля таго, як у сацсетках з'явіліся скаргі на абслугоўванне ў двух пунктах сеткі, пішуць "Мінск-Навіны".
Карыстальніца TikTok расказала, што ў адной з піцэрый піцу і гарбату падалі ў брудным посудзе. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі Першамайскага раёна праверыў 8 студзеня піцэрыю на праспекце Незалежнасці, 78 у Мінску. Прэтэнзіі з сацсетак пацвердзіліся. На адказную службовую асобу паабяцалі пачаць адміністрацыйны працэс.
А ў сацсетцы Threads з'явілася фатаграфія недапалка ў салянцы. Аўтар фота пісаў, што страву заказваў 3 студзеня ў "Піца Тэмпа" на вуліцы Лабанка, 94. Туды прыйшла праверка з цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна. На адказную службовую асобу пачалі адміністрацыйны працэс па факце публікацыі фота.
Пры гэтым на момант рэвізіі ў вытворчых памяшканнях аб'екта пабочных прадметаў не знайшлі. У санстанцыі кажуць, што немагчыма выявіць прычыну траплення пабочнага прадмета ў страву.