Зяленскі заявіў, што гатовы правесці прэзідэнцкія выбары ва Украіне

Уладзімір Зяленскі

Уладзімір Зяленскі / t.me/V_Zelenskiy_official/

Уладзімір Зяленскі гатовы правесці ва Украіне прэзідэнцкія выбары. Галасаванне можна арганізаваць цягам трох месяцаў. Але пры адной умове: ЗША і Еўропа павінны даць гарантыі бяспекі.

Раней прэзідэнт Украіны казаў, што выбары пры ваенным становішчы немагчымыя. Але пасля крытыкі з боку Дональда Трампа ён змяніў меркаванне. Тым не менш, бяспека выбаршчыкаў па-ранейшаму застаецца праблемай.

Самае важнае пытанне, паводле Зяленскага, гучыць так: "Як гэта можна правесці пад абстрэламі, пад ракетным агнём?" Кіеў імкнецца атрымаць дастатковыя гарантыі бяспекі, перш за ўсё — з боку Злучаных Штатаў. Каментары Зяленскага — выклік для Трампа: каб атрымаць выбары, якіх ён патрабуе, яму давядзецца паклапаціцца пра бяспеку ўкраінцаў.

"Паколькі пытанне сёння падымае прэзідэнт ЗША, нашы еўрапейскія партнёры, я адкажу вельмі коратка: я гатовы да выбараў. Мала таго, я прашу цяпер ЗША, можна з еўрапейцамі, забяспечыць бяспеку для правядзення выбараў. І тады наступныя 60 дзён Украіна будзе гатовая да правядзення выбараў, я асабіста маю на гэта волю і гатоўнасць", — перадае hromadske.ua словы Зяленскага.

Таксама ён папрасіў падрыхтаваць прапановы пра магчымасць змены заканадаўчых асноў і закона аб выбарах падчас ваеннага становішча.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.