Добрыя шанцы на мірную здзелку — Трамп ацаніў перамовы Украіны і ЗША

На ўкраінска-амерыканскіх перамовах

На ўкраінска-амерыканскіх перамовах / Reuters

У ЗША скончыўся чарговы раўнд абмеркаванняў мірнага плана па Украіне. Хаця дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа назваў сустрэчу "вельмі прадуктыўнай і карыснай", шмат пытанняў застаюцца нявырашанымі.

Перамовы праходзілі непадалёк ад Маямі — у загарадным гольф-клубе, які належыць спецпрадстаўніку Трампа Стыву Уіткафу. Паводле Axios, яны былі сканцэнтраваныя на адным пытанні: дзе правесці мяжу Украіны з Расіяй у рамках магчымага мірнага пагаднення. Украінцы адмовіліся выводзіць свае войскі з Данецкай вобласці.

Ужо сёння Уіткаф збіраецца паляцець у Маскву, каб сустрэцца з Пуціным.

Ацэньваючы вынікі перамоваў прэзідэнт ЗША Дональд Трамп выказаў аптымізм, але згадаў пра "складаныя маленькія праблемы". Як прыклад ён прывёў карупцыйны скандал у энергетычнай сферы краіны. Але потым дадаў: "Я думаю, што ў нас ёсць добрыя шанцы заключыць здзелку".

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі паведаміў, што правёў перамовы з кіраўніцтвам Еўракамісіі і NATO. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.