Да кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны прыйшлі з ператрусам
Кіраўнік Офіса прэзідэнта Украіны Андрэй Ярмак / Офіс прэзідэнта Украіны
Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Украіны (НАБУ) і Спецыялізаваная антыкарупцыйная пракуратура (САП) зранку 28 лістапада прыйшлі з ператрусам ва ўрадавы квартал да кіраўніка Офіса прэзідэнта Андрэя Ермака.
У САП афіцыйна заявілі, што следчыя дзеянні санкцыянаваныя і ажыццяўляюцца ў рамках расследавання. Аднак прадстаўнікі ведамства не ўдакладнілі, па якой менавіта справе праводзіцца ператрус, піша hromadske.ua.
Пра адстаўку Ермака ў лістападзе загаварылі ў парламенцкай фракцыі "Слуга народа". Падставай стаў карупцыйны скандал з так званымі "плёнкамі Міндзіча" — бізнесоўца і блізкага сябра Уладзіміра Зяленскага. Як сцвярджаюць антыкарупцыйныя органы, з іх вынікае, што шэраг былых і цяперашніх кіраўнікоў украінскага ўрада замяшаныя ў буйной схеме "адкатаў" у энергетыцы.
Як сцвярджае народны дэпутат Фёдар Веніслаўскі, з'явіліся чуткі, што на "плёнках Міндзіча" фігуруе чалавек па мянушцы Алі-Баба, які загадвае праваахоўным органам весці атакі на САП і НАБУ. Пад гэтым псеўданімам можа фігураваць кіраўнік Офіса прэзідэнта.
Крыніца hromadske у фракцыі "Слуга народа" кажа, быццам Зяленскі падчас сустрэчы з дэпутатамі заявіў, што не будзе звальняць Ермака. Пазней украінскі прэзідэнт прызначыў яго кіраўніком дэлегацыі для перамоваў з ЗША па новым мірным плане.