Украіна ў цэлым пагадзілася на мірны план ЗША — CBS News
Сцягі ЗША і Украіны / pixabay.com
Кіраўніцтва Украіны ў цэлым згоднае на мірнае пагадненне з Расіяй, падрыхтаванае адміністрацыяй Трампа. Агульнае паразуменне па ключавых палажэннях дакумента пацвердзілі афіцыйны прадстаўнік ЗША і дарадца па нацыянальнай бяспецы Украіны Рустэм Умераў, перадае CBS News са спасылкай на ўласныя крыніцы.
Умераў мяркуе, што Уладзімір Зяленскі да канца лістапада зможа наведаць Вашынгтон, каб канчаткова ўзгадніць мірны план.
"Украінцы пагадзіліся на мірнае пагадненне. Засталося ўладзіць толькі некаторыя нязначныя дэталі, але пагадненне ўжо дасягнутае", — цытуе выданне словы сваёй крыніцы.
Афіцыйнай рэакцыі Крамля на гэтыя дамоўленасці пакуль што не было. На брыфінгу 25 лістапада міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў заявіў, што не будзе раскрываць сваю пазіцыю да афіцыйнага падпісання пагаднення: "Расія чакае, што ЗША хутка праінфармуюць нас пра вынікі кансультацый з Украінай і Еўропай".
Тым часам у Абу-Дабі (ААЭ) праходзяць перамовы міністра арміі ЗША Дэна Дрыскала з прадстаўнікамі РФ. Паводле інфармацыі Politico, ён азнаёміў расіян з абноўленым праектам мірнага пагаднення, які 23 лістапада ўзгаднілі ЗША і Украіна.