Кавалеўскі: Еўропа мусіць сінхранізаваць свае пазіцыі адносна Беларусі з ЗША

Валерый Кавалеўскі

Валерый Кавалеўскі / асабісты архіў

Кіраўнік агенцтва Еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валерый Кавалеўскі напрыканцы сыходзячага года наведаў ЗША і даў рэкамендацыі "па дэмантажу міжнароднай ізаляцыі" і па захаванні незалежнасці Беларусі. Таксама падчас сустрэчаў з амерыканскімі палітыкамі Кавалеўскі падняў тэму падыходаў да працы з рэжымам Лукашэнкі.

"Новай тэмай стала патрэба ў сінхранізацыі падыходаў ЗША і ЕС па Беларусі з мэтай падвышэння іх эфектыўнасці. […] Вашынгтон робіць практычныя і паспяховыя, хоць месцамі і недасканалыя, захады па вырашэнні тэрміновых задач, найперш — у вызваленні палітвязняў. Тым часам Брусэль усё больш настойвае на ідэальных, але ўжо даўно нерэалістычных формулах вырашэння праблем", напісаў у фэйсбуку Кавалеўскі.

Супрацьстаянне "прынцыповасць vs. цынізм" палітык называе "неадэкватным рэальнасці і нават шкодным" і кажа, што менавіта падыход ЗША дазваляе атрымліваць вынікі.

"Для нацыянальных стратэгічных інтарэсаў і Беларусі, і краін Захаду час завяршаць гэтае проціпастаўленне падыходаў. Іх спалучэнне дасць значны плён і ў гуманітарным трэку, і ў справе спынення рэпрэсій і ўзмацнення суверэнітэту нашай краіны", — перакананы Кавалеўскі.

Дзякуючы намаганням ЗША 13 снежня на волю з беларускай турмы выйшлі 123 чалавекі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.