Трамп заявіў, што намераны ліквідаваць "расійскую пагрозу" ў Грэнландыі

Дональд Трамп

Дональд Трамп / CNN

У сваёй сацсетцы Truth Social Дональд Трамп заявіў, што намераны ліквідаваць "расійскую пагрозу" ў Грэнландыі, з якой не магла справіцца Данія.

"NATO казала Даніі цягам 20 гадоў: "Вы павінны прыбраць расійскую пагрозу ад Грэнландыі". На жаль, Данія не змагла нічога з гэтым зрабіць", — напісаў прэзідэнт ЗША. Паводле яго, цяпер сітуацыя зменіцца: "Цяпер час прыйшоў, і гэта будзе зроблена!!!"

Трамп неаднаразова заяўляў, быццам ЗША павінны атрымаць кантроль над Грэнландыяй. Ён падкрэсліваў, што гэта пытанне нацыянальнай бяспекі Штатаў праз актыўнасць Кітая і Расіі.

Тым часам чыноўнікі Даніі і Еўрасаюза заяўляюць, што Грэнландыя ўжо абароненая нормамі калектыўнай абароны NATO. Пра немагчымасць перадачы вострава пад уладу ЗША заявілі афіцыйны Капенгаген, ЕС і Грэнландыя. Некалькі еўрапейскіх краін дэманстрацыйна накіравалі ў Грэнландыю невялікую колькасць сваіх вайскоўцаў. У адказ Трамп 17 студзеня прыгразіў увесці дадатковыя гандлёвыя тарыфы супраць краін, якія абараняюць Грэнландыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.