Экс-палітвязень Судаленка заступіўся за свайго турэмшчыка, які выехаў у Еўрасаюз
Леанід Судаленка на судзе / newsgomel.by
Гомельскі праваабаронца і экс-палітвязень Леанід Судаленка заступіўся за супрацоўніка гомельскага СІЗА №3, дзе ён прабыў год. Пра гэта Судаленка напісаў у сваім акаўнце ў Фэйсбуку.
Гаворка ідзе пра былога супрацоўніка СІЗА, які пакінуў Беларусь і выехаў на тэрыторыю Еўрапейскага Саюза. "Відаць, чалавек нарэшце зразумеў, што "беларускі Тытанік" не плыве, а тоне, і вырашыў змывацца, пакуль не позна", — канстатуе праваабаронца.
Судаленка піша, што ў турэмнай сістэме Беларусі "99% — гэта шрубкі, якія без розуму круцяць махавік рэпрэсій. Але 1% усё ж застаецца людзьмі. І запыт прыйшоў менавіта пра чалавека. Не анёла, не героя, проста таго, хто не стаў скотам у сістэме, якая ўсіх робіць скотам".
Як вынікае са словаў праваабаронцы, да яго звярнуліся еўрапейскія службы, каб пацвердзіць словы экс-супрацоўніка СІЗА. "І я гэта сёння пацвердзіў. Бо калі чалавек нават у пекле не губляе сябе, гэта варта адзначыць", — адзначае Судаленка.
Праваабаронца Леанід Судаленка быў затрыманы ў студзені 2021 года і асуджаны на 5 гадоў. Сярод іншага яго прызналі вінаватым у садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці за тое, што дапамог купіць дровы сям'і палітвязня. ён выйшаў на волю ў ліпені 2023-га, пасля чаго неўзабаве пакінуў Беларусь.