У палітвязня, вывезенага ў Літву, выявілі гепатыт С

Віталь Бандарук

Віталь Бандарук / gazetaby.com

У 50-гадовага Віталя Бандарука, вывезенага ў Літву 11 верасня ў складзе іншых палітвязняў, выявілі гепатыт С. Пра тое, што мужчына прывёз з-за кратаў няпростую хваробу, яму паведамілі падчас медагляду ў Літве.

Гепатыт С перадаецца нават пры мінімальнай колькасці крыві. Каб спыніць хваробу, важна добра стэрылізаваць медычныя інструменты і выкарыстоўваць аднаразовыя шпрыцы. Гэтае правіла, на думку Бандарука, маглі парушыць у калоніі. Нестэрыльныя інструменты — адзін з асноўных спосабаў перадачы гепатыту С:

"Калі выходзіш з ШІЗА ў шклоўскай калоніі, ты заўсёды хворы — у цябе раздзьмутыя суставы на каленях, прышчы па ўсім целе, яны моцна свярбяць, іншыя балячкі выскокваюць. Дык я ў такім выпадку звяртаўся да [турэмных] медыкаў, яны мне ставілі розныя кропельніцы і ўколы.

Я не заўсёды мог за гэтым прасачыць. Часам я бачыў, што дастаюць з упакоўкі аднаразовы шпрыц, а часам і не бачыў. Бываў у такім дрэнным стане, што ўсё роўна на шпрыцы, толькі б хоць нешта калолі. Яшчэ мяне там прышчапілі ад кавіду", — перадае "Наша Ніва" словы экс-палітвязня.

Бандарук не выключае, што яго маглі заразіць яшчэ да калоніі, але пасля арышту. У брэсцкім СІЗА ён хварэў на пнеўманію і таксама атрымліваў уколы.

Таксама Бандарук мог заразіцца ў магілёўскай турме, дзе быў са студзеня 2024‑га. Там у вязняў былі асабістыя станкі для галення, але захоўваліся яны ў адной сумцы, дзе былі ячэйкі для кожнага станка. Паводле Бандарука, часам станкі клалі не ў сваю ячэйку. 

Віталь абураны тым, што цяпер выйшаў з-за кратаў з такой хваробай: "Я што, павінен гэтаму рэжыму нешта дараваць? Я не хачу яму нічога дараваць. Я пайшоў туды нармальным чалавекам, а выйшаў хворы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.