Як працуе “хуткая” легалізацыя палітвязняў у Літве і Польшчы? Каментуюць юрысты

Вызваленыя і высланыя з Беларусі палітвязні каля амбасады ЗША ў Вільнюсе, 11 верасня 2025 года

Вызваленыя і высланыя з Беларусі палітвязні каля амбасады ЗША ў Вільнюсе, 11 верасня 2025 года / LookByMedia

Палітвязні, дэпартаваныя з Беларусі без аніякіх дакументаў і прывезеныя ў Літву 11 верасня 2025 года, ўжо больш за два месяцы чакаюць сваіх дазволаў на жыхарства. Хоць ім абяцалі “хуткі трэк” у легалізацыі, як высветліла выданне “Наша Ніва”, працэс зацягнуўся, і большасць з іх дагэтуль не атрымала ДНЖ.

Еўрарадыё запытала ў кіраўніка праваабарончай арганізацыі Freedom House Віціса Юрконіса і юрысткі Ганны Маціеўскай, чаму так адбылося.

 

У выніку многія адчуваюць сябе кінутымі

Некаторыя з вызваленых палітвязняў, як журналіст Яўген Меркіс, ужо маюць дазвол на пражыванне. 

Але гэта выключэнні — асноўная частка групы працягвае чакаць адказу ад літоўскага боку, атрымліваючы паведамленні пра падаўжэнне тэрмінаў разгляду. Палітвязні адзначаюць, што нават іхнія сваякі, якія прыехалі пазней, паспелі падацца і атрымаць ДНЖ хутчэй за іх саміх.

Людзі скардзяцца, што адсутнасць спрошчанай і аператыўнай легалізацыі ставіць іх “паміж зямлёй і небам”: без ДНЖ яны не могуць уладкавацца на працу, зняць жытло на доўгі тэрмін і вымушаныя траціць сабраныя для іх грошы. Некаторыя не маюць нават пашпартоў, бо былі вывезеныя проста з турмаў.

Як працуе “хуткая” легалізацыя палітвязняў у Літве і Польшчы? Каментуюць юрысты
Прэс-канферэнцыя ў Вільнюсе з вызваленымі напярэдадні палітычнымі вязнямі 12 верасня 2025 года / Lookbymedia

У выніку многія адчуваюць сябе кінутымі: кажуць, што “вызваленне” аказалася паловай кроку — вырвала з лагераў, але пакінула ў чужой краіне без дакументаў, сродкаў і відавочных перспектыў. Людзі падкрэсліваюць, што чакалі больш хуткага і ашчаднага стаўлення з боку літоўскіх улад, асабліва з улікам іхняга статусу і абяцанняў пра спрошчаную легалізацыю.

 

“Чарга звычайна распісана на 2–3 тыдні наперад”

У каментары Еўрарадыё Віціс Юрконіс патлумачыў, што падоўжаны тэрмін разгляду гуманітарных ДНЖ у Літве — гэта нармальная сітуацыя.

“Тут пытанне, пэўна, у [завышаных] чаканнях. <…> У цэлым разгляд гуманітарных ДНЖ да 3 месяцаў — гэта нармальна, бывала і 4 месяцы, хоць мы і спадзяваліся, што, паколькі некаторыя з хлопцаў не мелі ніякіх дакументаў і былі дэпартаваныя, справы будуць разгледжаныя хутчэй”, — распавёў суразмоўца.

Юрконіс кажа, што палітвязням можна было падацца на нацыянальную літоўскую візу — гэта было б хутчэй.

“І тыя, хто падаўся, яе хутка атрымалі. Што да ДНЖ, то, калі не памыляюся, мінімум чацвёра [былых палітвязняў] яго ўжо атрымалі, астатнія — у працэсе”.

Эксперт падкрэсліў, што не надта ведае пра варыянты, дзе гэта рабілі б яшчэ хутчэй.

“Запіс на падачу дакументаў на ДНЖ сам па сабе займае час, бо чарга звычайна распісана на 2–3 тыдні наперад. Дэпартамент міграцыі пайшоў насустрач і вылучыў супрацоўніка і асобнае акно для цэнтралізаванай падачы дакументаў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.