Праваабарончыя фонды не дапамагаюць палітзняволеным? Праверылі, ці праўда гэта
Праваабаронца і палітвязень Алесь Бяляцкі падчас судовага паседжання / LookByMedia
“Няма сістэмнай дапамогі палітзняволеным. Ні былым, ні тым, якія ёсць. І ніяк не праглядваецца, калі яна з’явіцца”. З такім абвінавачаннем у бок праваабарончых фондаў, якія займаюцца падтрымкай палітзняволеных і іх сем’яў, выступіла у стрыме Еўрарадыё ад 3 лістапада прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады Беларусі на Кіпры Алеся Пархоменка.
У якасці доказаў актывістка пералічыла шэраг экс-палітвязняў і беларускіх эмігрантаў, якія сутыкнуліся з праблемамі.
Еўрарадыё вырашыла спраўдзіць у згаданых атрымальнікаў дапамогі, наколькі словы Пархоменка адпавядаюць рэчаіснасці і якая ім дапамога зараз патрэбна. Дысклэймер: не зусім.
“Мой запыт быў праігнараваны”
Першай Пархоменка згадвае фемактывістку Анастасію Меркулаву.
“Мы ўчора вечарам даслалі ёй грошы, яна адшукала сабе жытло. Калі яе яшчэ хто падтрымае, я буду вельмі ўдзячная. Яна знайшла сабе хостал. Але ў мяне пытанне — чаму яе выгналі з шэлтара”, — распавяла ў нашы эфіры прадстаўніца кіпрскай дыяспары.
Сапраўды, сыходзячы з аб’явы ў ініцыятыве “Ружовыя хусткі”, Меркулава шукала грошы на новае жытло, паколькі час пражывання ў шэлтары для ахвяраў сямейнага гвалту скончыўся, а дазвол на выезд з Польшчы ў Літву (дзяўчына беспаспяхова спрабавала атрымаць легалізацыю ў Польшчы) пакуль не атрымала. Актывістка змагла сабраць на хостэл болей за трыста еўра.
У размове з Еўрарадыё фемактывістка пацвердзіла, што беларуская дыяспара Кіпра ёй дапамагла.
“Большую частку аплаты хостэла пакрыла менавіта іх дапамога. Цяпер у мяне аплачана пражыванне ў хостэле да панядзелка 10 [лістапада]. Спадзяюся, што за гэты тэрмін я атрымаю дазвол на выезд у Літву паводле дублінскай працэдуры”, — зазначыла суразмоўніца.
Па словах Меркулавай, яна не звярталася ў BySOL, але зрабіла запыт у Беларускі дом у Варшаве.
“Мой запыт быў праігнараваны”, — зазначыла фемактывістка.
Што тычыцца высялення з шэлтара, нагодай стала выцяканне тэрміну кантракту на пражыванне.
“На жаль, мне не змаглі даць магчымасць пажыць тут да ад’езду. Мне вельмі непрыемна і сумна ад гэтага. На маё месца проста ўжо ёсць іншая жанчына з дзіцем, наколькі я ведаю”.
Дзяўчына кажа, што ёй зараз патрэбна як мага хутчэй атрымаць дазвол на выезд з Польшчы, хоць, сама прызнаецца, наўрад ці такая дапамога магчыма.
“Тут у мяне станоўчы досвед"
Пархоменка распавяла пра экс-палітвязня Сяргея Шэлега, якога вызвалілі летам 2025 года ў адной групе з Сяргеем Ціханоўскім.
“Гэта чалавек, якому трэба помнік ставіць. Ён дапамагаў анкахворым дзецям, вялікай колькасці людзей. Але ў першыя дні ён застаўся суцэльна без грошай, забытым суцэльна. Я не збіраюся хваліцца, што мы перасылалі яму грошы… Так, мы даслалі яму добрую сумму і дай бог яму здароўя, каб з ім усё было добра”, — распавяла прадстаўніца дэмабасады Кіпра.
Сам Шэлег падчас размовы з Еўрарадыё абверг словы Пархоменка.
“У дапамозе мне не адмаўлялі. Тут у мяне станоўчы досвед”, — зазначыў экс-палітвязень.
Сярод асноўных праблемаў Сяргей назваў “пошук свайго месца ў новай рэчаіснасці”.
“Гэта ўключае ў сябе і ўстойлівае матэрыяльнае становішча, і ўз’яднанне з сям’ёй і г.д.”, — падкрэсліў суразмоўца.
Па словах Сяргея ён працягвае атрымліваць медыцынскую дапамогу ў межах праграмы падтрымкі палітзняволеных. Цяпер мужчына чакае від на жыхарства. Таксама ён не адмовіцца ад прававой дапамогі ў аднаўленні атрымання беларускай пенсіі або ў выключэнні сябе са спісу тэрарыстаў КДБ.
“Затрымкі з пераводам грошай перыядычна здараюцца”
Узгадваецца падчас эфіру былая журналістка БТ і экспалітзняволеная Ксенія Луцкіна. У яе, па словах Пархоменка, узнікла праблема з дапамогай па набыццю тэхнікі для працы.
"Ксенія Луцкіна чамусьці апынулася без ноўтбука, для таго, каб ёй працягваць неяк жыць. Ноўтбук мы даслалі ёй таксама. Чаму яна ў такой сітуацыі апынулася — я не ведаю каму гэтыя пытанні задаваць. <...> Мы радыя, што мы змаглі ёй дапамагчы з рэабілітацыяй, і яна змагла з'ездзіць на Кіпр адпачыць з сынам".
“У мяне таксама ёсць пытанні да чалавека, які яе звольніў. Гэта арганізацыя, якая належыць дэмакратычным сілам. Я не буду агчуваць яго імя, я яго не пытала. Я думаю, што ён сябе знойдзе. А калі не захоча, яму перададуць гэта”, — зазначыла прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады на Кіпры.
Беларуска гэтай восенню трапіла ў бальніцу ў Літве з дэпрэсіяй, анарэксіяй і ПТСР, і звярнулася па дапамогу, каб аплаціць лячэнне і пакрыць доўг па страхоўцы. Ёй патрэбныя 12 тысяч еўра.
У Еўрарадыё не атрымалася аператыўна спраўдзіць у Булыбенка акалічнасці справы. Дзяўчына ўжо выпісалася з лякарні, яна праходзіць рэабілітацыю. Але ў перапісцы з нашай журналісткай яна ўдакладніла, што “публічных каментароў і інтэрв’ю не дае”.
У BySOL нам распавялі, што ўсе згаданыя ў стрыме людзі атрымлівалі ад фонда аднаразовую выплату, як вызваленыя палітычныя зняволеныя, акрамя Меркулавай, бо яна не з’яўлялася палітычнай зняволенай.
Па пытанню з Булыбенка прадстаўніца фонду ўдакладніла, што ўсе дадатковыя зборы ажыццяўляюцца толькі па звароце заяўніка і ініцыявацца без згоды не могуць. Раней персанальны збор на платформе фонду на падтрымку Анастасіі паспяхова завяршыўся.
І яшчэ тры гісторыі
Акрамя згаданых вышэй асоб Алеся Пархоменка ўзгадала яшчэ трох чалавек: экс-палітвязня Данііла, у якога былі праблемы з зубамі; неназваную жонку палітвязня з двума дзецьмі, у якой няма зімовай курткі; а таксама чалавека, які трымае сувязь з жонкамі загінулых добраахвотнікаў, праз якога жанчыны адмовіліся ад дапамогі беларускай дыяспары Кіпра.
Спраўдзіць гэтыя выпадкі не атрымалася, паколькі прадстаўніца Дэмакратычнай амбасады пакуль не атрымала згоду ад згаданых людзей на разгалошванне іх асабістай інфармацыі.
У выпадку калі рэдакцыя атрымае дадзеныя, мы працягнем гісторыю.