Тунэлі пад беларуска-польскай мяжой капаюць мігранты-курды

Тунэль пад беларуска-польскай мяжой

Тунэль пад беларуска-польскай мяжой / памежная служба Польшчы

Тунэлі пад польскай памежнай загародай з беларускага боку капаюць мігранты-курды. Пра гэта расказаў польскі міністр унутраных спраў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі.

Узнагародай для тых, хто ўдзельнічае ў пракладцы тунэлю, з'яўляецца права першымі прайсці па ім.

"Беларускія службы прывозяць шмат курдаў. Гэта былі курды. Я не ведаю, ці ўсе гэтыя тунэлі пракапалі курды, бо гэта ўжо чацвёрты тунэль. У гэтым удзельнічаюць мігранты з Курдыстана, якія капаюць тунэлі. У іх ёсць, наколькі нам вядома неафіцыйна, у іх ёсць пэўныя прэферэнцыі, калі яны ўдзельнічаюць у капанні такога тунэлю — прэферэнцыі быць першымі, хто пройдзе праз гэты тунэль у чарзе беларускіх службаў",перадае RMF FM словы міністра.

Тунэль пад беларуска-польскай мяжой польскія памежнікі выявілі 12 снежня. Паведамлялася, што ён цягнецца на некалькі дзясяткаў метраў.

Кервіньскі ахарактарызаваў тунэль як вельмі прафесійна зроблены. На яго думку, беларускія службы пераканаліся ў эфектыўнасці загароды і цяпер шукаюць новыя спосабы пераадолення мяжы. Разам з тым міністр упэўнены, што польскія службы здолеюць эфектыўна выяўляць тунэлі. Ён дадаў, што з прыкладна 180 мігрантаў, якія прайшлі праз тунэль у пятніцу, затрыманыя больш за 140.

Міністр адзначыў, што больш за 90% мігрантаў, якія нелегальна пераходзяць мяжу — "гэта маладыя, здаровыя мужчыны, якім, калі можна так выказацца, аказваюць паслугі расійскія ці беларускія службы, забяспечваючы ўсе неабходныя інструменты, месцазнаходжанне і ўмовы іх працы".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.