"Касцюмчык" ужо малы? Як выжыць у Беларусі пасля эміграцыі

Усміхніся, ты ў Беларусі!

Усміхніся, ты ў Беларусі! / malanka.media

— Вяртанне дадому пасля жыцця за мяжой — гэта новы крызіс, новая адаптацыя і новы этап сталення. І, магчыма, адзін з самых складаных. Чакаць ад гэтага кроку глабальнага палягчэння не варта.

Працуючы над матэрыялам пра тое, як складана беларусы адаптуюцца да жыцця на радзіме пасля эміграцыі, мы звярнулі ўвагу, што многія людзі не вытрымліваюць ранейшых парадкаў і зноў збіраюць рэчы.

А што калі сіл на пераезды больш няма ці хатнія абставіны звязваюць чалавека па руках і нагах? Як жыць далей, калі за плячыма ўвесь свет і бясцэнны вопыт, а тут трэба паводзіць сябе цішэй і так мала магчымасцяў для самарэалізацыі?

Ці праўда, што "ў Беларусі застацца — гэта быццам падпісацца на пажыццёвую дэпрэсію" (як піша адзін з карыстальнікаў сацсеткі Threads), і наогул, чаму дома не лепш?

Падрабязней пра ўсё гэта Еўрарадыё паразмаўляла з дырэктаркай Еўрапейскага інстытута сучаснай псіхатэрапіі Ганнай Матуляк.

“Костюмчик” уже мал? Как выжить в Беларуси после эмиграции
Ганна Матуляк / fecebook.com
“Костюмчик” уже мал? Как выжить в Беларуси после эмиграции
Вось я і дома / livejournal.com

Тры галоўныя працэсу зваротнай адаптацыі:

Крызіс ідэнтычнасці

Чалавек — ужо не той, кім быў, калі ад'язджаў. Не той, кім мог стаць/быць, застаючыся ў эміграцыі. Яму толькі трэба будзе стаць тым, хто інтэгруе атрыманы ў эміграцыі вопыт у жыццё тут, дома. Гэта выклікае разгубленасць і дэзарыентацыю. І гэта нармальна.

Разбурэнне ілюзіі ранейшага дома

Вяртанне рэдка супадае з рамантычным чаканнем "усё стане зноў, як раней". У горадзе / краіне можа крытычна нічога не змяніцца за час адсутнасці, але ў гэтым месцы прыйдзецца сутыкнуцца са стратай той ці таго сябе, якім было калісьці добра тут. І прыкласці намаганні каб зноў стала добра.

Вымушанае звужэнне гарызонтаў

Пасля жыцця ў іншай краіне чалавек адчувае своеасаблівае "звужэнне паветра": рытму, магчымасцяў, эмоцый. І пакуль псіхіка перабудоўваецца, гэта перажываецца як маленькая дэпрэсія.

Што дапамагае прайсці зваротную адаптацыю мякчэй:

Стварыце сваё новае асяроддзе

Вяртанне заўсёды лягчэй побач з тымі, хто:

— разумее досвед эміграцыі;
— не абясцэньвае ("ну давай прывыкай, сама хацела");
— не звязвае ўсё з палітыкай, патрыятызмам або крытыкай твайго выбару;
— жыве шырэй: падарожнічае, развіваецца, не затрымаўся ў "як раней".

Гэта стварае адчуванне вольнай прасторы вакол цябе.

Перанясіце ў старое жыццё тое, што нарадзілася ў новай краіне

Гэта могуць быць:

— звычкі і рытуалы;
— любімая ежа;
— новыя спосабы арганізацыі побыту і прасторы;
— новыя спосабы клопату пра сябе;
— аўтаномнасць, якая з'явілася там.

Псіхіцы важна бачыць, што нічога не адмянілася, не выдалілася, ня абясцэнілася, а інтэгравалася.

Прысвойце досвед сваёй эміграцыі, а не лічыце яго памылкай

Калі паспрабаваць сцерці / выцесніць гэты вопыт, лічыць яго няўдачай, то псіхіка можа затрымацца ў канфлікце: "тая, якая там" супраць "той, якая тут".

Таму суперважна казаць сабе: "Гэта частка маёй гісторыі, якая падарыла мне вопыт і змяніла мяне. Для мяне гэта было важна, і я забіраю гэты досвед з сабой".

Азначце будучыню, будуйце планы

Не глабальныя перамены, а:

— курс;
— новыя людзі;
— хобі;
— праца над чымсьці асабістым.

Нармалізуйце свае пачуцці і рэакцыі

Раздражненне, апатыя, сум, трывога — усё гэта ўсяго толькі паказчык таго, што ўнутры вас — жывы працэс і яму патрэбен час.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.