Вызваліць аднаго палітзняволенага: як жонка Верамейчыка змагаецца за яго свабоду
Васіль Верамейчык / LRT
“Гэта проста лічбы”, — так Яўгенія Верамейчык каментуе вырак свайму мужу, былому ваяру палка Каліноўскага Васілю Верамейчыку. 28 лістапада Мінскі гарадскі суд прыгаварыў яго паводле 12 артыкулаў КК да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Яўгенія з 13-гадовай дачкой жывуць у Вільні і працягваюць змагацца за вызваленне блізкага чалавека.
У 2020 годзе Васіль Верамейчык удзельнічаў у беларускіх пратэстах, потым пераехаў ва Украіну. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў і стварэння палка Каліноўскага служыў намеснікам камандзіра батальёна “Волат”. Пасля заканчэння службы Верамейчык хацеў перабрацца ў Літву, але там яго прызналі пагрозай нацыянальнай бяспецы, бо ў 2010–2016 гадах ён служыў у беларускім войску. Экс-каліноўцу на 30 месяцаў забаранілі ўезд у ЕС. Верамейчык перабраўся ў В'етнам, а там яго затрымалі і дэпартавалі ў Беларусь.
“Ён ставіўся да кожнага пасяджэння суда, як да магчымасці змяніць абстаноўку”
“Васіль знаходзіцца ў палоне”, — кажа Яўгенія. Паводле яе, розніца толькі ў тым, што беларускія ўлады намагаюцца намаляваць “карцінку правасуддзя”, якая нічога не значыць.
— Мы чакалі хоць нейкага прысуду, бо толькі пасля яго чалавека можна ўжо занесці канчаткова ў спіс палітзняволеных і намагацца яго абмяняць. Бо пакуль прысуду няма, хто ведае, можа, яго ў зале суда выпусцяць. А так намалявалі нейкія лічбы. Магло быць 23, 25 па беларускім законе.
Суд над Васілём быў адкрытым, таму ў блізкіх была магчымасць яго ўбачыць. Яўгеніі распавялі, што муж выглядаў спакойным і ён быў рады пабачыцца з людзьмі.
— У нас было ліставанне цягам усяго гэтага года. Ён да гэтага ставіцца… Яго ж затрымалі ў 2024 годзе: ён ведаў усё, што адбываецца, ён ведаў, што гэта за прысуды. То бок ён ставіўся да кожнага пасяджэння суда, як да магчымасці змяніць абстаноўку. Выехаць недзе, пабачыць кагосьці, акрамя сцен, у якіх ён сядзіць.
Апошні раз Яўгенія бачыла Васіля ў прапагандысцкім фільме на беларускім тэлебачанні на пачатку 2025 года.
— Калі яго затрымалі, гэта быў лістапад 2024-га, што тады мы пабачылі? Мы пабачылі адзіны фотаздымак, зроблены ў аэрапорце Мінск-2, дзе ён у кайданках і пад рукі яго вядуць з трапа самалёта. І больш мы не бачылі. Мы не ведалі, у якім стане ён знаходзіцца, у якім ён выглядзе, біты ці не біты — мы проста нічога не ведалі пра чалавека.
І вось упершыню мы яго на свае вочы пабачылі ў гэтым фільме. Для нас гэта было важным сведчаннем таго, што ён жывы, выглядае нармальна. Па ім было бачна, паколькі я чалавека вельмі добра ведаю, што ён гэта ўсё казаў пад прымусам, што ён прайшоў праз нейкія катаванні. Мне было абсалютна відавочна, што яго катавалі недахопам сну, чалавек выглядаў вельмі стомленым.
Я нават не хацела слухаць, што ён там кажа, бо зноў такі мы разумеем, што чалавек у палоне, ён будзе казаць тое, што яго папросяць сказаць. Але мы проста былі вельмі радыя яго бачыць.
Нядаўна мы пабачылі, што быў выпушчаны 31 грамадзянін Украіны, але, наколькі нам вядома, гэта адбылося не шляхам перамоў, а нібы гэта быў крок з боку Лукашэнкі, бо ён спадзяецца, што яго пасадзяць за стол перамоў. І зрабіў такі “жэст добрай волі” ў бок Украіны.
Нам падаецца, што дыялог з амерыканцамі — гэта самае прадуктыўнае на сёння. На Лукашэнку мы паўплываць відавочна не можам. Я не магу нічога яму прапанаваць, каб ён выпусціў Васіля.
Таксама Яўгенія кажа, што было б добра, калі б у мірнай дамове паміж Украінай і Расіяй быў пункт “выпусціць усіх людзей, якія ў Беларусі сядзяць за Украіну” — гэта і “рэйкавыя партызаны”, і былыя байцы ПКК ды іншыя.
— У мяне няма іншых аргументаў. Я не магу адвакатаваць выпусціць аднаго Васіля, таму што вельмі шмат палітзняволеных у Беларусі. 1300 чалавек сядзіць, а хтосьці ўжо і шэсць гадоў, у кагосьці выракі такія ж вялікія. Ёсць людзі сталага ўзросту, ёсць хворыя — у мяне няма аргументаў сказаць, маўляў, давайце мы Васіля паставім на першае месца ў гэтым спісе. Ён, дзякуй Богу, здаровы, адсядзеў не так шмат. Для мяне варыянт адвакатаваць усю групу тых, што падтрымаў Украіну, і, напэўна, такім шляхам буду рухацца.
А праз Украіну?
— Украіна надае прыярытэт вызваленню сваіх грамадзян, і гэта цалкам зразумела. Але мы верым, што яны будуць намагацца вызваляць усіх, хто змагаўся на баку іх краіны.
Ва ўсіх арганізацый, у якія мы звярталіся цягам гэтага года, адказ быў прыкладна такі: у нас вельмі шмат сваіх палонных, мы спачатку абмяняем сваіх, а пасля чарга дойдзе да вас. Гэта пазіцыя Украіны, і я яе разумею, бо любая нармальная дзяржава мусіць ставіць у прыярытэт сваіх грамадзян.