Адміністрацыя Трампа абмяркоўвае з Мінскам вызваленне яшчэ 100 вязняў — Reuters

Сустрэча вызваленых палітвязняў у Вільні ў верасні 2025 года

Сустрэча вызваленых палітвязняў у Вільні ў верасні 2025 года / LookByMedia

Адміністрацыя Дональда Трампа і рэжым Лукашэнкі абмяркоўваюць магчымае вызваленне ў Беларусі не менш як 100 палітвязняў бліжэйшым часам. Пра гэта паведамляе інфармагенцтва Reuters са спасылкай на тры крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Вызваленне афіцыйныя асобы ЗША плануюць у рамках адзінай здзелкі. Ключавой асобай ЗША на перамовах называюць Джона Коўла, якога Трамп нядаўна прызначыў спецпрадстаўніком па Беларусі.

Пакуль невядома, якія менавіта вязні могуць выйсці на волю і калі менавіта гэта можа адбыцца. Белы дом ад каментароў адмовіўся, а амбасада Беларусі ў Вашынгтоне не адказала на запыт Reuters.

Раней добрыя навіны пра палітвязняў цягам бліжэйшых тыдняў анансавала Святлана Ціханоўская.

У каментары Reuters некаторыя афіцыйныя асобы ЗША сказалі, што ўзаемадзеянне адміністрацыі прэзідэнта ЗША з рэжымам Лукашэнкі — гэта частка доўгатэрміновай, больш шырокай стратэгіі вываду Мінска з геапалітычнай арбіты Масквы, хай нават і нязначнай. Нават невялікую пераарыентацыю рэжыму Лукашэнкі на захад там разглядаюць як стратэгічную перамогу. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.