У школе міліцыя правяла “дагляд” дзяцей. Бацькі называюць гэта вобшукам
Адказ міліцыі яны лічаць “адпіскай” і плануюць звяртацца ў пракуратуру. Фота мае ілюстратыўны характар / LRT
У адной са школ абласнога горада міліцыя правяла праверку заплечнікаў вучняў — без удзелу бацькоў і без складання пратаколаў. Бацькі лічаць, што гэта быў вобшук, і накіравалі запыт у міліцыю. У адказе сілавікі сцвярджаюць, што дзейнічалі “ў мэтах забеспячэння бяспекі непаўналетніх”.
Пра гэты выпадак напісаў адзін з бацькоў у чаце. У школу прыйшлі супрацоўнікі інспекцыі ў справах непаўналетніх (ІСН) і прымусілі дзяцей выкласці змесціва заплечнікаў. Правяралі ўсё — ад падручнікаў да торбаў з формай для фізкультуры. Сын аднаго з бацькоў адмовіўся адкрываць заплечнік.
Супрацоўнікі ІСН казалі хлопчыку, што бацькі не патрэбныя, маўляў, міліцыя мае права праводзіць дагляд. Але ён адстаяў свае правы.
Бацькі вырашылі напісаць скаргу ў міліцыю. Атрымаўшы адказ, яны апублікавалі яго ў чаце.
У дакуменце за подпісам в.а. начальніка аддзела сказана, што “праверка праведзеная, парушэнняў з боку супрацоўнікаў не выяўлена”.
У адказе РАУС пазначана, што дагляд вучняў праводзіўся ў адпаведнасці з артыкулам 20 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх”.
Таксама там гаворыцца, што “мерапрыемствы па асабістым даглядзе непаўналетніх з мэтай выяўлення і канфіскацыі прадметаў, здольных прычыніць шкоду іх здароўю, будуць працягвацца на сістэмнай аснове”.
Што не так з адказам міліцыі?
Бацькі ў чаце адзначаюць, што гэты закон сапраўды дазваляе асабісты дагляд непаўналетніх — але толькі ў дачыненні да тых, хто дастаўлены ў органы ўнутраных спраў, прыёмнікі-размеркавальнікі, сацыяльна-педагагічныя або лячэбна-выхаваўчыя ўстановы.
Гаворка ідзе пра падлеткаў, якія знаходзяцца ў спецыяльных установах або затрыманыя міліцыяй, а не пра звычайных школьнікаў.
Яны адзначаюць, што ў законе прама сказана: дагляд рэчаў непаўналетняга праводзіцца “ў мэтах выяўлення і канфіскацыі прадметаў і рэчываў, здольных прычыніць шкоду іх здароўю”. І такая мера дапускаецца толькі пры наяўнасці прыкмет адміністрацыйнага правапарушэння або злачынства, і абавязкова складаецца пратакол.
Бацькі, якія вывучылі заканадаўства, звярнулі ўвагу: ніякіх прававых падстаў для дагляду ўсіх вучняў запар у школе няма.
“Калі ісці па логіцы міліцыі, то дзеці, прыходзячы ў школу, аўтаматычна становяцца безнагляднымі. Гэта абсурд. Правілы бяспекі не даюць права праводзіць вобыскі”, — кажа аўтар звароту.
Тэлефон не ўваходзіць у пералік забароненых прадметаў, а пастанова Міністэрства адукацыі № 227 ад 3 жніўня 2022 года толькі вызначае, дзе вучні могуць захоўваць тэлефоны — напрыклад, у заплечніку. Ніякага абавязку здаваць асабістыя рэчы школе закон не ўстанаўлівае.
Іншыя бацькі з чата звярнулі ўвагу, што інструкцыя МУС № 155 ад 8 чэрвеня 2017 года прама забараняе праводзіць асабісты дагляд непаўналетняга без панятых і без наяўнасці прыкмет правапарушэння. Працэдура павінна выключаць прыніжэнне годнасці і разгалошванне асабістых звестак.
— На жаль, у сучасных рэаліях сапраўды існуе рызыка, што звароты бацькоў па фактах вобшукаў у школах могуць выклікаць пытанні не да сутнасці праблемы, а да саміх бацькоў, якія падалі скаргу. Магчымыя спробы ціску, таму мая парада застаецца нязменнай — пісаць менавіта калектыўны зварот, — раіць Вольга.
— Паводле арт. 22 Закона “Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб”, калі зварот падпісаны больш чым 30 грамадзянамі, ён падлягае абавязковаму разгляду з выездам на месца.
Вельмі важна, каб такія звароты былі канкрэтна і дакладна абгрунтаваныя, са спасылкамі на нормы заканадаўства (дадаткова варта параіцца з юрыстамі).
Я б рабіла асноўны акцэнт на праве дзіцяці на асабістую недатыкальнасць (арт. 28 Канстытуцыі), арт. 32 — "Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або прыніжэнню" — і на тым, што вобшук без прысутнасці законных прадстаўнікоў недапушчальны.
Настаўнікі не з’яўляюцца законнымі прадстаўнікамі дзіцяці і не могуць замяняць бацькоў ці апекуноў пры правядзенні такіх дзеянняў. Таксама ў звароце можна адзначыць псіхалагічны ціск на дзяцей, які выклікаюць такія праверкі. Гэта можа разглядацца як перавышэнне паўнамоцтваў і парушэнне нормаў аб абароне непаўналетніх.
У “шапцы” звароту Вольга раіць адразу пазначаць некалькі адрасатаў, каб падкрэсліць сур’ёзнасць намераў і паказаць, што “адпіска” не пройдзе, бо вы гатовыя ісці далей:
Начальніку раённага (гарадскога) РАУС;
Пракурору горада;
Міністру ўнутраных спраў;
Міністру адукацыі;
Старшыні Савета Рэспублікі.
Для поўнага спісу можна накіраваць і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Паводле правілаў, трэба праходзіць усё паэтапна, але з улікам таго, што такія вобшукі выклікаюць сур’ёзныя апаскі, на такое беззаконне трэба даваць адказ. Інакш заўтра яны ўжо будуць прыходзіць не толькі ў школы і не толькі да дзяцей.
Таму важна паказаць, што бацькі ведаюць свае правы і гатовыя абараняць сваіх дзяцей, — рэзюмуе Цесакова.