Асушаныя балоты ў Беларусі і суседніх краінах трэба зноў затапіць — даследаванне

Гэта змякчыць клімат рэгіёна

Гэта змякчыць клімат рэгіёна / pixabay.com

Польскія даследчыкі ацанілі выкіды парніковых газаў у басейне ракі Нёман, які вылучаецца вялікай колькасцю асушаных балот. Незалежная ацэнка паказала, што самыя высокія сярэднія выкіды — у Беларусі (11,3 млн тон CO₂-эквівалента ў год), у Літве — 9,7 млн, у Польшчы — 0,46 млн, у Калінінградскай вобласці РФ — 0,037 млн.

На артыкул у Journal of Environmental Management звярнуў увагу канал “De facto. Беларуская навука”.

Навукоўцы і раней даказвалі, што пасля асушэння балоты не толькі перастаюць назапашваць вуглярод, але і пачынаюць выдзяляць значныя аб’ёмы парніковых газаў — у тым ліку праз раскладанне арганічных рэчываў.

Польскія даследчыкі пішуць, што аб’ёмы выкідаў з асушаных балот моцна недаацэньваюцца: у басейне ракі Нёман яны супастаўныя з выкідамі электрастанцыі ў Бэлхатуве (на буравым вугалі), якую Польшча пагадзілася закрыць пад ціскам ЕС.

Паводле высноў навукоўцаў, паўторнае забалочванне тарфянікаў мае вырашальнае значэнне для змякчэння наступстваў кліматычных зменаў у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.