Мінпрыроды скасавала статус помніка для Добрушскіх астраўных ельнікаў
Астраўныя ельнікі Добрушскія / minpriroda.gov.by
Добрушскія астраўныя ельнікі афіцыйна спынілі існаванне. Адпаведная пастанова Мінпрыроды з'явілася 26 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
У ёй гаворыцца, што "функцыянаванне батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння" ў Добрушскім раёне спыняецца "ў сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб'екта, у мэтах захавання якога ён аб'яўляўся".
"Астраўныя ельнікі Добрушскія" знаходзіліся недалёка ад вёскі Чыстыя Лужы. Помнік прыроды быў абвешчаны ў 1963 годзе на плошчы 30,8 га. Мэтай было захаваць высокаўзроставае яловае насаджэнне з перавагай у складзе дрэвастою вострачашуйчатай формы еўрапейскай елкі, якая мае батанічную і навуковую каштоўнасць.
Аднак за 50 гадоў, да 2015 года, тэрыторыя помніка прыроды скарацілася больш як у дзесяць разоў — да 2,3 га. Галоўнай прычынай гэтага называюць масавае ўсыханне елкі.