Салігорск не трапляе ў зону заражэння выкіду салянай кіслаты — Беларуськалій


На "Беларуськаліі" выбухнула ёмістасць з-пад салянай кіслаты

На "Беларуськаліі" выбухнула ёмістасць з-пад салянай кіслаты / МНС

Салігорск не трапляе ў зону хімічнага заражэння пры выкідзе салянай кіслаты. Так на "Беларуськаліі" пракаментавалі сённяшнюю аварыю.

"Адміністрацыя ААТ "Беларуськалій" паведамляе: у адпаведнасці з пазіцыяй плана ліквідацыі аварый у зону хімічнага заражэння пры выкідзе салянай кіслаты горад Салігорск не трапляе. Усе цэхі рудаўпраўлення працуюць у штатным рэжыме", — заявілі на прадпрыемстве.

Як паведамлялася раней, на тэрыторыі камбіната разарвалася пустая ёмістасць з-пад салянай кіслаты. Пры гэтым пацярпелі чатыры чалавекі, якіх шпіталізавалі ў бальніцу з хімічнымі апёкамі і камбінаванымі траўмамі.

Выбухам пашкодзіла таксама суседнюю ёмістасць, дзе была саляная кіслата. На месца здарэння выбылі ратавальнікі і медыкі. Там працуюць 10 адзінак тэхнікі МНС і 14 адзінак тэхнікі прадпрыемства.

Прэс-служба МНС паведамляе, што на тэрыторыі аб'екта (паблізу абвалавання) узялі пробы паветра на ўтрыманне пароў шкодных рэчываў: перавышэння гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі не зафіксавана.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.