Экс-пробашча Чырвонага касцёла ў Мінску адпраўляюць у Барысаў — СМІ

Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк / katolik.life
Ксяндза Уладзіслава Завальнюка, які раней узначальваў парафію пры Чырвоным касцёле ў Мінску, адпраўляюць на новае месца служэння.
Афіцыйных паведамленняў пра гэта няма. Аднак выданне katolik.life ад вернікаў даведалася, што святара прызначаюць пробашчам парафіі Спаслання Святога Духа ў Барысаве. Гэта новы касцёл, пабудаваны і асвечаны ў 2021 годзе. Цяпер пробашчам гэтай парафіі з'яўляецца ксёндз Аляксей Раманчук, якога накіроўваюць новым кусташам Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе.
Чакаецца, што ў Барысаве ўрачыста вітаць новага пробашча будуць 14 верасня.
Уладзіслаў Завальнюк шмат гадоў быў пробашчам Чырвонага касцёла ў Мінску, зрабіў яго адным з цэнтраў беларушчыны. У верасні 2022 года ўлады зачынілі касцёл пад нагодай рамонту. Перад тым у будынку адбылося падазронае ўзгаранне. Сам рамонт пачаўся ў касцёле ўлетку 2025-га.
Самога Завальнюка год таму адправілі на пенсію. Ён сцвярджаў, што гэта было зроблена "па загадзе зверху, але не ад Папы".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.