Пробашча зачыненага Чырвонага касцёла ў Мінску звольнілі па загадзе зверху

І гэта быў не Папа / katolik.life
Ксёндз Уладзіслаў Завальнюк, які шмат гадоў быў пробашчам Чырвонага касцёла ў Мінску, заявіў, што не падаваў прашэння аб адстаўцы, як сцвярджалася беларускімі ўладамі.
Паводле яго слоў, яго адправілі ў “незаслужаны адпачынак” “па загадзе зверху — але не ад Папы”. Пра гэта ён упершыню адкрыта распавёў у відэа на канале “Голас душы”.
— Мяне адстранілі ад алтара, ад служэння, ад Царквы — значыць, ад народа, — кажа святар.
Канал “Хрысціянская візія: НЕ ВАЙНЕ!” пісаў, што адстаўка ксяндза Завальнюка разглядалася як адно з умоў, выстаўленых уладамі для магчымасці вяртання Чырвонага касцёла мінскай каталіцкай супольнасці святых Сімяона і Алены.
Чырвоны касцёл у Мінску быў зачынены для веруючых з 26 верасня 2022 года пасля падазронага інцыдэнту з быццам пажарам у будынку.
У чэрвені 2025 года ўлады паведамлялі, што будаўнікі пачнуць рамонт Чырвонага касцёла.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.