BELPOL расказаў, як рэжым Лукашэнкі абыходзіць санкцыі з дапамогай Кітая
Юані, ілюстрацыйнае фота
Беларусь спрабуе абысці міжнародныя санкцыі з дапамогай Кітая. У прыватнасці плацяжы санкцыйных прадпрыемстваў забяспечвае Беларусбанк праз спецыяльна створаны Экспартны цэнтр. Пра гэта паведамляе арганізацыя былых беларускіх сілавікоў BELPOL.
Гэты цэнтр распрацоўвае схемы абыходу санкцый і суправаджае рызыкоўныя аперацыі. Паводле інфармацыі BELPOL, праз банк праходзіць да 70% гандлёвага абароту з Кітаем. Беларусбанк вырашылі падключыць да кітайскай міжбанкаўскай сістэмы CIPS, якая працуе ў абыход SWIFT. У 2023 годзе для гэтага закупілі спецыяльнае абсталяванне, праклалі прамую оптавалакновую лінію да Кітая, выдаткавалі каля 380 тысяч рублёў. Аднак Кітай адмовіўся ад рэалізацыі праекта, асцерагаючыся другасных санкцый.
BELPOL звяртае ўвагу, менавіта ў 2023-м Беларусь імпартавала рэкордны аб'ём кітайскай прадукцыі ваеннага і двайнога прызначэння, у тым ліку абсталяванне для вытворчасці ўзбраенняў. Калі б праект з CIPS удаўся, Беларусь магла б ператварыцца ў буйны зборачны цэх для расійскай тэхнікі.
Таксама, як адзначае BELPOL, Беларусь мае манетарнае золата на суму каля 945 млн долараў, размешчанае ў брытанскім ICBC Standard Bank (даччыная структура кітайскага ICBC). Разглядаюцца наступныя варыянты знізіць рызыку яго блакавання:
— узяць крэдыт у юанях на аналагічную суму,
— заключыць трохгадовае своп-пагадненне на 7 млрд юаняў.
Але Кітай ставіць умову, каб золатавалютныя рэзервы перавышалі аб'ём трохмесячнага імпарту. Афіцыйны Мінск не вытрымлівае гэты крытэрый. Таму крэдыт выдаецца толькі як кароткатэрміновы.
Паведамляецца таксама, што ў другой палове 2024 года ў Беларусбанка ўзнік востры дэфіцыт ліквіднасці ў юанях: рэшткі на рахунках у Кітаі ўпалі ўдвая — да 1,9 млрд юаняў. На гэта паўплывалі пераход да адмоўнага гандлёвага балансу з Кітаем, абмежаваны доступ да юаняў пасля санкцый супраць Маскоўскай біржы і скарачэнне даходаў у юанях з Расіі.