Беларусы сёння адзначаюць Дзень герояў

Слуцкія паўстанцы

Слуцкія паўстанцы / Вікіпедыя

27 лістапада беларусы адзначаюць Дзень герояў. Гэта неафіцыйнае свята ў гонар Слуцкага збройнага чыну (Слуцкага паўстання).

У лістападзе 1920 года Рада Случчыны абвясціла ў Слуцку і наваколлі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі і стварыла два палкі для яе абароны. 26-27 лістапада слуцкія паўстанцы прынялі першы бой з бальшавіцкімі войскамі. Баі паўстанцаў супраць бальшавікоў працягваліся месяц, пры канцы снежня яны перайшлі польска-савецкую мяжу і былі раззброеныя польскімі ўладамі. Паўстанцы, якія пазней вярнуліся пад уладу Саветаў, былі рэпрэсаваныя.

На пачатку 1990-х з ініцыятыве БНФ у вёсках Грозава, Семежава (Капыльскі раён) і Чырвоная Слабада (Салігорскі раён) былі пастаўленыя памятныя крыжы ў гонар паўстанцаў. Менавіта з гэтымі вёскамі звязаныя асноўныя падзеі Слуцкага паўстання.

Афіцыйныя ўлады гэтае свята ігнаруюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.