На дне Дняпра пад Оршай знайшлі скарб візантыйскіх манет
Манеты з дна Дняпра / АНТ
На дне Дняпра пад Оршай знайшлі скарб візантыйскіх манет XII стагоддзя. Іх датуюць перыядам паміж 1092 і 1118 гадамі, паведамілі ў эфіры тэлеканала АНТ.
Манеты маюць выгнутую форму. У навуцы яны маюць назву "скіфаты".
Знайсці скарб пашчасціла дайверу-аматару, які перадаў знаходку спецыялістам. Яны ўжо правялі папярэдні спектральны аналіз. Згодна з ім, манеты хутчэй за ўсё фальшывыя. Іх яшчэ адправяць на ізатопны аналіз, каб дакладна вызначыць, з якіх металаў іх рабілі.
Навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Іван Спірын кажа, што варыянт з фальшывымі манетамі для даследчыкаў у некалькі разоў цікавейшы, чым з сапраўднымі.
Кіраўнік дайвінг-цэнтра "Марскі Пегас" Андрэй Ліхачоў кажа, што на дне ёсць цэлы россып манет, расцягнуты на некалькі метраў. "Улічваючы, што ад берага даволі далёка, мая версія, што гэта ўсё ж такі груз з карабля, які пацярпеў крушэнне", — мяркуе дайвер. Паводле папярэдніх ацэнак, на дне Дняпра можа ляжаць не адзін пуд такіх манет, а нават цэлы карабель.